Мінск 12:20

Выбары ў КР пачаліся з DDoS-нападу на платформу для галасавання — выбаркам

Скрыншот: ютуб-канал КР

25 траўня, Позірк. Выбары ў Каардынацыйную раду (КР) трэцяга складу, распачатыя апоўначы 25 траўня, абцяжараныя з прычыны маштабнага DDoS-нападу на платформу для галасавання, вынікае з паведамлення старшыні выбарчай камісіі КР Алены Прыходзька.

DDoS-нападам завецца спосаб наўмыснага парушэння працы рэсурсу шляхам яго перагрузкі вялікай колькасцю запытаў.

“Зараз мы знаходзімся падчас запуску анлайн-галасавання, — сказала яна. — І першае, з чым мы сутыкнуліся, гэта з досыць велічэзнай DDoS-атакай — больш за 17 мільёнаў, якая размеркавана па розных геаграфічных кропках і якая працягваецца зараз”.

“Можна сказаць, што першыя ў Беларусі дэмакратычныя выбары пачаліся з каласальнай яўкі, якая ўжо на зараз перавышае колькасць насельніцтва Беларусі больш чым у два разы”, — аджартавалася Прыходзька, дадаўшы, што будзе трымаць у курсе таго, што адбываецца.

Для верыфікацыі выбаршчыкаў і анлайн-галасавання была распрацавана платформа Belarus ID. Уладальнікі беларускіх пашпартоў (незалежна ад таго, сапраўдныя яны ці пратэрмінаваныя) за мяжой было прапанавана аддаць свой голас праз мабільны дадатак, унутры Беларусі — праз яго вэб-версію.

Выбары працягнуцца да 23:59 27 траўня.

Для ўдзелу было зарэгістравана 12 выбарчых спісаў, адзін з іх — “Закон і правапарадак” на чале з лідарам арганізацыі былых сілавікоў ByPol Аляксандрам Азаравым — 24 сакавіка быў выключаны з гонкі на фоне скандалу з агітацыяй праз чат-бот плана “Перамога”.

Раней рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў усе 12 выбарчых спісаў “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”. Пазней Следчы камітэт адкрыў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданне балатавацца ў КР.

Падзяліцца: