Мінск 13:30

Выбары ў КС завяршыліся, прагаласавала 6.723 чалавекі (дапоўнена)

Скрыншот відэа з ютуб-канала КР

28 траўня, Позірк. Выбары ў Каардынацыйную раду (КР) трэцяга складу завяршыліся 27 траўня ў 23:59.

Паводле інфармацыі старшыні выбарчага камітэта КС Алены Прыходзькі, з 00:00 25 траўня прагаласавала 6.723 чалавекі.

“Што мы назіраем — літаральна за апошнія некалькі гадзін інтэнсіўнасць галасавання вельмі вырасла. На жаль, у апошнія хвіліны і гадзіны”, — сказала яна падчас стрыму ў ноч на 28 траўня.

Паводле слоў Прыходзькі, складана вызначыць дакладную колькасць тых, хто прагаласаваў унутры Беларусі: “Мы разумеем, што геаграфія адносна недакладная. ⟨…⟩ З Беларусі людзі не маглі прама прагаласаваць без выкарыстання VPN. Гэта было зроблена свядома як дадатковы фільтр, калі людзі з’яўляюцца няўпэўненымі карыстальнікамі інтэрнета, каб яны не маглі сабе нашкодзіць”.

Незалежна ад вынікаў, выбары ў КР сталі “гістарычным працэсам”, мяркуе кіраўніца камісіі: “Можа, ён выглядае не так пафасна і гучна, як усім хацелася б. Тым не менш, гэта прэцэдэнт, і гэты прэцэдэнт стварылі беларусы”.

Прыходзька паабяцала “парэфлексаваць” над кампаніяй: “Гэта не быў бездакорны працэс. Падчас яго былі дапушчаны памылкі, непаразуменні. І гэта вельмі добрая аснова, каб усё гэта пераасэнсаваць нейкім чынам, зрабіць высновы”.

Выбарчыя суб’екты могуць аспрэчыць вынікі, нагадала яна.

Выбаркам КР мае намер да 30 траўня зацвердзіць канчатковыя вынікі галасавання.

Распрацоўнік электроннай платформы для галасавання, ІТ-энтузіяст Павел Лібер назваў арганізацыйны бок выбараў “фундаментальнай штукай”.

“Вельмі мала было выпадкаў, каб нехта для цэлай нацыі ў выгнанні ствараў паўнацэнную інклюзіўную электаральную платформу”, — сказаў ён.

На думку Лібера, платформа можа стаць “базісам для далейшай працы”.

“Асабіста я абсалютна шчаслівы, што ў нас атрымалася, што нічога не ўпала на фінішы. Пры гэтым – ва ўмовах вельмі жорсткага супрацьдзеяння рэжыму, абсалютна татальнай стомленасці людзей, недаверу, нейкіх унутраных звадаў і гэтак далей — у нас атрымалася зрабіць электаральны івэнт і закласці гэты падмурак, на якім можна далей паўнавартасна будаваць грамадзянскую супольнасць”, — сказаў ён на заканчэнне.

Выбары трэцяга складу КР працягнуліся трое сутак. Папярэднія склады арганізацыі, якая ўзнікла падчас палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе, фармаваліся без прамога галасавання.

Для ўдзелу было зарэгістравана 12 выбарчых спісаў, адзін з іх — “Закон і правапарадак” на чале з лідэрам арганізацыі былых сілавікоў ByPol Аляксандрам Азаравым — 24 траўня быў выключаны з гонкі на фоне скандалу з агітацыяй праз чат-бот плана “Перамога”.

Раней улады прызналі ўсе 12 выбарчых спісаў “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Пазней Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданне балатавацца ў КС.

Падзяліцца: