Мінск 17:04

З пачатку года на пажарах у Беларусі загінула 270 чалавек — на 16% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га

Крыніца: МНС

30 траўня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 да 6:00) ад агню ў Беларусі загінуў адзін чалавек, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трагедыя адбылася 29 траўня ў кватэры дзевяціпавярховага жылога дома ў Мінску па вуліцы Сяліцкага (Заводскі раён). У ходзе тушэння агню знойдзена цела гаспадара жылля (1973 год нараджэння), адзначае ведамства.

Усяго з пачатку года ў Беларусі адбылося 2.495 пажараў (за аналагічны перыяд 2023-га — 2.463; +1,3%), на якіх загінула 270 чалавек (233; +15,9%).

30 студзеня кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі на пасяджэнні калегіі ведамства заявіў, што адзін з галоўных вынікаў дзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у 2023 годзе — зніжэнне колькасці пажараў і гібелі людзей ад іх.

Паводле яго слоў, “год быў добрым <…> па ўсіх пазіцыях”, дасягненнем ён назваў “станоўчую дынаміку ў частцы скарачэння колькасці надзвычайных сітуацый”, у тым ліку “пажараў, а таксама гібелі людзей ад іх”.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што МНС “з усімі пастаўленымі задачамі справілася” і назваў яго калектыў “падрыхтаваным у прафесійным, маральным плане”. “Гэта дзяржаўныя людзі, якія бачаць перад сабой праблемы, якія трэба вырашаць, і нацэленыя на вырашэнне гэтых праблем”, — дадаў ён.

Заявы аб скарачэнні колькасці пажараў у мінулым годзе прагучалі на фоне іх росту ў 2024-м.

Падзяліцца: