Мінск 22:22

ЕС павінен “як мага хутчэй” увесці новыя санкцыі супраць Беларусі і РФ — кіраўнік МЗС Літвы

Фота: МЗС Літвы

11 чэрвеня, Позірк. Еўрапейскаму саюзу трэба “як мага хутчэй” зацвердзіць наступныя пакеты санкцый супраць Беларусі і Расіі — новыя абмежаванні не павінны ўтрымліваць выключэнняў, якія аслабляюць іх эфектыўнасць, заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс на сустрэчы ў Вільнюсе 10 чэрвеня з еўракамісарам Ютай Урпілайнен.

“Цвёрдая пазіцыя Літвы ў дачыненні да санкцый супраць Расіі і Беларусі ніяк не ўплывае на харчовую бяспеку, але перашкаджае прыбыткам рэпрэсіўных рэжымаў і схемам абыходу санкцый”, — цытуе міністра прэс-служба ведамства.

7 чэрвеня выданне Politiko паведаміла, што Германія і Францыя выступаюць супраць намаганняў ЕС у закрыцці шчыліны ў санкцыях, якая дазваляе дарагім таварам, уключаючы люксавыя аўтамабілі, трапляць у РФ праз Беларусь.

ЕС, нагадала выданне, увёў санкцыі супраць Беларусі яшчэ да ўварвання РФ ва Украіну — за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Аднак прынятыя меры аказаліся “не такімі маштабнымі”, як тыя, якія былі ўведзеныя супраць Масквы, што дазволіла Беларусі стаць перавалачным пунктам для падсанкцыйных тавараў на шляху ў Расію.

23 траўня Financial Times паведаміла, што ЕС рыхтуецца зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць рэжыму Беларусі і закрыць шчыліну, якая дазваляе РФ імпартаваць аўтамабілі прэміум-класа. Было заяўлена, што новыя санкцыі спыняць экспарт у Беларусь тэхналогій і тавараў, якія могуць мець ваеннае прызначэнне, і звадкаванага прыроднага газу.

Акрамя таго, плануецца забараніць імпарт у ЕС алмазаў з Беларусі, што стане аналагам ужо ўведзенай забароны на пастаўкі каштоўных камянёў з Расіі.

Падзяліцца: