Мінск 18:56

Ціханоўская абмеркавала ў ЗША санкцыі для рэжыму Лукашэнкі і дапамогу беларусам

Намеснік Дзяржаўнага сакратара ЗША Джон Бас (злева).
Крыніца: John Bass / X

12 чэрвеня, Позірк. Працяг стратэгічнага дыялогу дэмакратычных сіл з ЗША і прызначэнне спецпасланніка па Беларусі абмеркавана на сустрэчы дэмлідара Святланы Ціханоўскай з намеснікам Дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Джонам Басам і намеснікам памочніка дзяржсакратара па справах Еўропы і Еўразіі Крыстаферам Смітам, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Бакі абмеркавалі павелічэнне фінансавай падтрымкі беларускіх СМІ, рэпрэсаваных, культурных і адукацыйных ініцыятыў, а таксама спрашчэнне працэдуры выдачы віз.

Абмяркоўвалася “драматычная сітуацыя з палітвязнямі”і “магчымыя крокі па іх вызваленні”.

“Адзначалася, што з боку рэжыму няма ніякіх крокаў насустрач. Ціханоўская распавяла пра гуманітарны фонд у падтрымку палітвязняў, які падтрымала Швецыя і Нарвегія”, — сказаў Вячорка.

Абмяркоўваючы новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, была выказаная неабходнасць”закрыцця шчылін, сінхранізацыя санкцый паміж ЕС і ЗША, у прыватнасці, за ўдзел рэжыму ў вайне”. Бакі абмеркавалі наступныя крокі па”прыцягненні рэжыму да адказнасці праз міжнародныя суды”.

Узнімалася пытанне ўзаемаадносін Мінска з Украінай, удакладніў палітык.

“Прадстаўнікі ЗША запэўнілі Ціханоўскую, што палітыка ЗША застанецца паслядоўнай і прынцыповай у дачыненні да Беларусі, і супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі працягнецца”, — падкрэсліў Вячорка.

Таксама дэмлідар сустрэлася з пасламі і дыпламатамі краін “Вялікай сямёркі”, якія прадстаўляюць Вялікабрытанію, Германію, Італію, Канаду, ЗША, Францыю, Японію, экспертаў арганізацый Atlantic Council, IRI, NDI, NEDA, GLOBSEC і CEPA.

На ёй Ціханоўская падкрэсліла “важнасць міжнароднай падтрымкі для Беларусі”, а таксама “неабходнасць працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі дзеля вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў”, паведаміў галоўны дарадца.

Бакі абмеркавалі меры па “ўзмацненні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі” і неабходнасць”павелічэння фінансавай дапамогі Беларусі”.

Узнімалася пытанне аб “пашырэнні стыпендый для беларускіх студэнтаў і абмеркаванні магчымасцяў для іх выезду на навучанне ў ЗША і іншыя краіны”.

Таксама гаворка ішла аб “пошуку і замарожванні актываў [Аляксандра] Лукашэнкі ў іншых краінах, уключаючы Аб’яднаныя Арабскія Эміраты”.

Бакі абмяняліся думкамі па” ролі рэжыму Лукашэнкі ў вайне [ва Украіне]”, супрацоўніцтве Мінска з іншымі аўтарытарнымі рэжымамі.

Паводле Вячоркі, дыпламаты прапанавалі арганізаваць “вялікую кампанію ў ЗША па [беларускіх] палітвязнях, уключаючы публічны ліст генеральнаму сакратару ААН ад кангрэсменаў і сенатараў”.

Дэмлідэр знаходзіцца з візітам у Злучаных Штатах Амерыкі 11–13 чэрвеня.

Гэта шостая паездка Ціханоўскай у краіну. Апошняя адбылася ў снежні мінулага года.

Падзяліцца: