Мінск 06:09

На таргах 13 чэрвеня падаражэлі ўсе асноўныя валюты, акрамя юаня

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Omid Armin

13 чэрвеня, Позірк. Амерыканская, расійская і агульная еўрапейская валюты падаражэлі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 13 чэрвеня.

Курс долара вырас да 3,1971 рубля (+0,0083, +0,26%), еўра — да 3,4470 (+0,0189, +0,55%), расійскага рубля — да 3,5810 за 100 (+0,0021, +0,06%).

Каціроўка юаня знізілася да 4,3590 рубля за 10 (-0,0363, -0,83%).

На мінулым працоўным тыдні (3–7 чэрвеня) патаннелі долар — на 0,78% (з 3,2082 да 3,1831), юань — на 0,58% (з 4,4127 да 4,3869 за 10), еўра — на 0,38% (з 3,4812 да 3,468); курс расійскага рубля вырас на 0,79% (з 3,5588 да 3,5869 за 100).

Афіцыйны курс долар ў Беларусі ў студзені знізіўся на 0,01% (з 3,1775 да 3,1771 рубля) — гэта быў шосты паказчык на тэрыторыі былога СССР; у лютым — вырас на 1,95% (да 3,2391) — другое месца пасля Расіі (+2,89%), за два месяцы — на 1,94% (шостае месца); у сакавіку — на 0,33% (да 3,2498) — пятае месца, за тры месяцы — на 2,28% (трэцяе); у красавіку — на 0,14% (3,2542) — шостае месца, за чатыры месяцы — на 2,41%; у траўні знізіўся на 1,48% (3,2059) — трэцяе месца, за пяць месяцаў вырас на 0,89% (восьмае).

За 2023 год каціроўка долара павялічылася на 16,12% (з 2,7364 да 3,1775 рубля). Гэта другі паказчык на постсавецкай прасторы, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2022 года і 31 снежня 2023-га. На першым месцы Расія — 27,51% (з 70,3375 да 89,6883 рубля).

Падзяліцца: