Мінск 20:18

Для дыверсіфікацыі экспарту патрэбна больш агрэсіўная палітыка збыту — Мінпрам

Ілюстрацыйнае фота: трактор.бел

22 чэрвеня, Позірк. Перад беларускай прамысловасцю стаіць важнае пытанне дыверсіфікацыі паставак, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар на выязным семінары Палаты прадстаўнікоў, які прайшоў 21 чэрвеня ў Жодзіне (Мінская вобласць) на пляцоўцы ААТ “БелАЗ”.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба Мінэканомікі, беларускія прадпрыемствы “пакуль слаба прадстаўленыя на рынках “далёкай дугі”, і па многіх таварных пазіцыях расійскі кірунак дамінуе”.

Каб змяніць сітуацыю, падкрэсліў Чабатар, “трэба праводзіць больш агрэсіўную збытавую палітыку”, а таксама “адкрываць больш мультыбрэндавых цэнтраў продажаў”. “Сур’ёзнай канкурэнтнай перавагай”, на думку міністра, стала б “паляпшэнне ўзроўню абслугоўвання”, а менавіта “аператыўны сэрвіс”.

Для падвышэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў, прыцягнення інвестыцый, кліентаў і новых партнёраў, мяркуе Чабатар, неабходна “актыўна ўкараняць інструменты беражлівай вытворчасці і кіравання якасцю”.

Паводле даных Белстата, прамысловая вытворчасць у студзені — траўні 2024 года ў наяўных цэнах склала 83,2 млрд рублёў (+8% да аналагічнага перыяду 2023-га).

У горназдабыўной прамысловасці рост склаў 4,8% (месяцам раней гэты паказчык быў +5,4%), апрацоўчай прамысловасці — 8,2% (+7,9%), у сферы забеспячэння электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 7,7% (+7,9%), у абласцях водазабеспячэння, а таксама збору, апрацоўкі і выдалення адкідаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — 0,8% (не змянілася).

Разам з тым, запасы гатовай прамысловай прадукцыі на складах на 1 чэрвеня 2024 года склалі 8 млрд 964 млн 579 тыс. рублёў. З пачатку года яны павялічыліся на 7,8% (на 1 студзеня 2024-га — 8 млрд 315 млн 622 тыс.), у гадавым вымярэнні зменшыліся на 1,6% (9 млрд 107 млн 593 тыс.).

На нарадзе па развіцці прамысловасці 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка сярод іншых праблем галіны назваў рэалізацыю прадукцыі.

“Склады трашчаць. Складскія запасы за 2023 год выраслі на 23%, — сказаў ён. — Профільны віцэ-прэм’ер мяне закалыхвае: гэта нармальна, заўсёды так было — мы тут зараз усё гэта прададзім. Але мы ацэньваем гэтыя запасы перыяд за перыядам. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія шмат для каго сталі дадатковым складам за мяжой?”

Лукашэнка паведаміў, што на складах гандлёвых дамоў Мінскага трактарнага завода амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, або больш за двухмесячны аб’ём вытворчасці: “Вось і “аб’ёмы” вытворчасці, і ваш “экспарт”.

Падзяліцца: