Мінск 13:45

Пасля аварыі пад Докшыцамі, у якой загінулі дарослыя і пацярпелі дзеці, распачата крымінальная справа

Фота: прэс-служба МУС

22 чэрвеня, Позірк. Па факце аварыі пад Докшыцамі (Віцебская вобласць), у якой загінулі дарослыя і пацярпелі дзеці, распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне ПДР асобай, якая кіруе транспартам, што пацягнула з неасцярожнасці смерць двух чалавек).

Згодна з інфармацыяй Следчага камітэта, 21 чэрвеня кіроўца аўтамабіля “Фальксваген Пасат” пры выездзе на трасу Р3 (Лагойск — Глыбокае — мяжа Латвіі) не саступіў дарогу “мікрааўтобусу, які перавозіў каманду дзяцей-спартсменаў”. У выніку сутыкнення абодва транспарты апынуліся ў кювеце.

“Кіроўца і пасажыр легкавога аўтамабіля загінулі на месцы. Кіроўца і пасажыры мікрааўтобуса дастаўленыя ва ўстанову аховы здароўя. На месцы ДТЗ працавалі следчыя, супрацоўнікі ДАІ і эксперты”, — паведамляе СК.

У дзень здарэння прэс-служба МУС паведаміла, што аварыя адбылася каля 19:30 на 107-м кіламетры згаданай трасы. За стырном легкавога аўтамабіля быў 47-гадовы кіроўца, разам з ім ехала 36-гадовая пасажырка. Яны загінулі на месцы.

Для абследавання медыкам перадалі 11 чалавек — пасажыраў мікрааўтобуса “Івека Дэйлі”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, сярод 11 пацярпелых, дастаўленых у Докшыцкую цэнтральную раённую бальніцу, было 8 дзяцей. Аднаго дарослага і чацвярых дзяцей паклалі ў рэанімацыю ў цяжкім стане, яшчэ адно дзіця пасля агляду перавялі ў Глыбоцкую ЦРБ.

На дапамогу мясцовым урачам адправіліся нейрахірургі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, анестэзіёлагі-рэаніматолагі з РНПЦ дзіцячай хірургіі, Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, мінскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД), а таксама траўматолаг з БХМД.

Падзяліцца:
be