Мінск 07:49

Намеснік старшыні Дзярждумы: Саюзнікі Расіі — армія, флот і “Белоруссия”

Скрыншот тэлеграм-канала ПП НС

28 чэрвеня, Позірк. “Нашы два галоўныя саюзнікі, зразумела — гэта армія і флот. А ўсе астатнія будуць да іх паступова далучацца”, — заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Расіі Пётр Талстой на XII Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме.

Відэафрагмент з яго выказваннем апублікаваны 28 чэрвеня ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў Беларусі.

Пасля падказкі іншага намесніка старшыні ГД РФ Ганны Кузняцовай Талстой дадаў: “Безумоўна, армія, флот і “Белоруссия”.

Такім чынам ён перафразаваў вядомае выказванне (“У Расіі ёсць толькі два саюзніка — яе армія і флот”), якое прыпісваецца імператару Аляксандру III (1845-1894).

Паводле сцвярджэння расійскага дэпутата, хаўруснікаў у РФ “будзе яшчэ больш”.

У трохдзённым мерапрыемстве Талстой узяў удзел 27 чэрвеня. Згодна з праграмай, ён выступіў на панэлі “Абарона традыцыйных каштоўнасцяў. Свае і чужыя” разам з дырэктарам дэпартамента інфармацыі і друку МЗС РФ Марыяй Захаравай і іншымі прадстаўнікамі расійскай, а таксама кітайскай улады.

У апісанні панэлі сказана, што яе прадметам стаў “пошук прававых інструментаў” па абароне “традыцыйных расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў” з улікам “насаджэнні чужых маральных ідэалаў”.

55-гадовы Талстой — член Вышэйшага савета партыі ўлады “Адзіная Расія”, намеснік старшыні Дзярждумы з 2016 года, раней тэлепрапагандыст. Уключаны ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і іншых дзяржаў.

Беларусь на розных панэлях форуму прадстаўлялі першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч і міністр юстыцыі Яўген Каваленка.

Таксама ў мерапрыемстве ўзяў удзел былы суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь з Польшчы і абвешчаны ў вышук у ЕС, які цяпер супрацоўнічае як “публіцыст і журналіст” з дзяржагенцтвам БелТА. Ён выступіў на панэлі “Адмена права ў заходніх краінах”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, называючы яе “спецыяльнай вайсковай аперацыяй”.

На першапачатковым этапе ўварвання беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае РФ у яе дзеяннях.

Падзяліцца:
be