Мінск 13:32

Шляхі папулярызацыі еўрапейскай перспектывы ў беларускім грамадстве абмеркаваныя на канферэнцыі ў Лондане

Скрыншот: warwick.ac.uk

29 чэрвеня, Позірк. Настроі і шляхі папулярызацыі еўрапейскай перспектывы ў беларускім грамадстве абмеркаваныя на канферэнцыі “Перспектывы інтэграцыі Украіны і Беларусі ў ЕС: ацэнка будучыні” 28 чэрвеня ў Лондане.

Акрамя таго, у цэнтры ўвагі была падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, паведаміў “Позірку” ўдзельнік мерапрыемства, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

“Была магчымасць пагаварыць з украінцамі, у тым ліку пра супольныя праекты. Выдатная магчымасць паглядзець, што працуе, а што не”, — адзначыў дарадца дэмакратычнага лідара.

Канферэнцыя адбылася ў Каралеўскім інстытуце абаронных даследаванняў. Яе арганізавалі Украінска-беларускі хаб ва Уорыку (WUB; Вялікабрытанія) і Офіс па сувязях з Еўрапейскім парламентам (EPLO) у супрацоўніцтве з Офісам Святланы Ціханоўскай, Радай знешняй палітыкі “Украінская прызма”, Універсітэтам Уорык.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел былы кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, былы прэм’ер-міністр Літвы Андрюс Кубілюс, еўрадэпутат Мірыям Лексман, еўракамісар з пытанняў навакольнага асяроддзя Віргініюс Сінкявічус, віцэ-прэзідэнт няўрадавай арганізацыі ў сферы глабальнай бяспекі Globsec (Славакія) Алена Кудзько, дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, беларускія даследчыцы Алена Карасцялёва, Таццяна Чуліцкая, прадстаўнікі ўкраінскай амбасады ў Лондане і брытанскага МЗС.

Акрамя беларускага пытання абмяркоўваліся стратэгіі і сцэнары развіцця падзей ва Украіне, у тым ліку яе адбудовы пасля вайны, адзначыў Вячорка.

“Канферэнцыя адбылася ў Лондане напярэдадні выбараў у брытанскі парламент, якія пройдуць 4 ліпеня. Важна, каб Беларусь была сярод прыярытэтаў не толькі Еўрапейскага саюза, але і Вялікабрытаніі, якая цяпер не з’яўляецца сябрам ЕС”, — сказаў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Падзяліцца:
be