Мінск 10:55

Качанава знайшла “сутнасць эпохі” ў тым, каб працягваць інтэграцыю з РФ

Фота: прэс-служба СР НС

28 чэрвеня, Позірк. Аб “крызісе дыялогавых стратэгій” і “тэктанічных зрухах каштоўнаснай сферы” заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 28 чэрвеня ў Віцебску на адкрыцці XI форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яе словы прыводзіць прэс-служба СР НС.

“Гістарычную ролю” Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на “вырашальным этапе фарміравання шматпалярнага свету” “пераацаніць немагчыма”, лічыць яна.

Палітыку афіцыйных Мінска і Масквы Качанава назвала “мудрай і дальнабачнай”, якая з’яўляецца “паспяховым ядром інтэграцыі ў Вялікай Еўразіі і цывілізацыйным флагманам для ўсіх прагрэсіўных сіл чалавецтва”.

Пабудова інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы — “важная мэтавая задача, ключавая ўмова забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі нашых краін”, сказала спікер СР НС.

“За апошнія гады Беларусь і Расія рэалізавалі цэлы шэраг стратэгічна важных рашэнняў, дзякуючы чаму дабіліся прарыўных поспехаў, а саюзная інтэграцыя ўступіла на новы этап развіцця. Аднак сама сутнасць цяперашняй эпохі ў тым, каб не спыняцца на дасягнутым”, — падкрэсліла Качанава.

Паводле яе слоў, бліжэйшыя гады “стануць прарыўнымі па цэлым шэрагу напрамкаў, такіх як станкабудаванне, машынабудаванне, самалётабудаванне”.

“Шматскладовым бесперапынным працэсам, які патрабуе глыбокай уцягнутасці ўсіх зацікаўленых” Качанава назвала стварэнне інавацыйнай прадукцыі.

“Прамысловасць у сваю чаргу павінна фармаваць дакладны запыт на канкрэтныя новаўвядзенні, нарошчваць інвестыцыі ў даследаванні і распрацоўкі, задаваць вектар тэхналагічнага развіцця. Бізнэс і дзяржава павінны несці салідарную адказнасць за падтрымку прыкладной навукі”, — сказала яна.

Форум рэгіёнаў праводзіцца штогод пад эгідай верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў — Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі адпаведна. Першы адбыўся ў 2014 годзе ў Мінску.

У 2024 годзе форум праходзіць 27-28 чэрвеня, упершыню адразу ў некалькіх гарадах — Полацку, Наваполацку і ​​Віцебску.

Упершыню ў мерапрыемствах Форума забяспечана прадстаўніцтва міжнародных структур — СНД, яе Міжпарламенцкай асамблеі, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, называючы яе “спецыяльнай ваеннай аперацыяй”.

На першапачатковым этапе ўварвання беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае РФ у яе дзеяннях.

Падзяліцца: