Мінск 22:36

Саміт ЕС рашуча асудзіў беларускую ваенную падтрымку расійскай агрэсіі

Ілюстрацыя: "Позірк"

19 чэрвеня, Позірк. Заклік да ўсіх краін “неадкладна спыніць любое садзейнічанне Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны, няхай гэта будзе прамое або ўскоснае, у прыватнасці з дапамогай паставак тавараў і кампанентаў падвойнага прызначэння“, змяшчаецца ў выніковай заяве Еўрапейскага савета, прынятай на саміце ЕС у Брусэлі (18-19 чэрвеня).

Адзначана, што Еўрапейскі савет “асабліва рашуча асуджае ўдзел узброеных сіл КНДР у вайне супраць Украіны, а таксама працяглую вайсковую падтрымку, якая надаецца Расіі, сярод іншых, Іранам, Беларуссю і КНДР“.

Еўрапейскі савет “ізноў звяртаецца з настойлівым заклікам да Расіі і Беларусі неадкладна забяспечыць бяспечнае і безумоўнае вяртанне ва Украіну ўсіх незаконна дэпартаваных і перамешчаных украінскіх дзяцей, а таксама іншых грамадзянскіх асоб“. У сувязі з гэтым ён “вітае абавязацельствы, прынятыя на сустрэчы высокага ўзроўню міжнароднай кааліцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей, актывізаваць намаганні па забеспячэнні іх вяртання“. Іншыя гуманітарныя меры дапамогі і крокі па ўмацаванні даверу, у прыватнасці абмен ваеннапалоннымі і вяртанне затрыманых грамадзянскіх асоб, павінны працягвацца як “частка шляху да міру“.

“Еўрапейскі савет таксама асуджае ўсе нядаўнія гібрыдныя атакі супраць Еўрапейскага саюза і яго дзяржаў-членаў. У святле працяглых гібрыдных кампаній, якія ажыццяўляюцца варожымі суб’ектамі, найперш Расіяй і Беларуссю, Еўрапейскі савет заклікае да нарошчвання і неадкладнай актывізацыі намаганняў па ўмацаванні ўстойлівасці, павышэнні гатоўнасці, абароне крытычна важнай інфраструктуры, а таксама па прадухіленні, стрымліванні і рэагаванні на гібрыдныя атакі. У гэтым кантэксце ён вітае працу, якая праводзіцца ў савеце, над планам дзеянняў па бяспецы ў сферы беспілотных лятальных апаратаў і процідзеяння ім, які спрыяе дасягненню гэтых мэтаў і дапаўняе цяперашнія намаганні ў галіне абароны“, — гаворыцца ў выніковым дакуменце.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны— найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі даў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-следчых, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: