Мінск 12:52

Кілер “банды Марозава” прыгавораны да максімальна магчымага пакарання на момант здзяйснення злачынства

Ілюстрацыя: "Позірк"

19 чэрвеня, Позірк. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда з удзелам пракурора ў апеляцыйным парадку разгледзела крымінальную справу Віктара Рэцкага, аднаго з удзельнікаў “банды Марозава“, паведаміла 19 чэрвеня Генпракуратура.

Ведамства адзначыла, што Рэцкі «пасля здзяйснення злачынстваў пакінуў тэрыторыю Беларусі і з 2007 года знаходзіўся ў міжнародным вышуку. Ён быў затрыманы 20 жніўня 2024 года ў Казахстане, дзе пражываў пад іншым імем — Белы А.А.“.

Адзначаецца, што паводле хадайніцтва Генеральнай пракуратуры Рэцкага выдалі ў Беларусь «для прыцягнення да крымінальнай адказнасці пад гарантыі непрымянення смяротнага пакарання”.

“Прыгаворам судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда ён прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасцю, з мэтай схаваць іншае злачынства, спосабам, небяспечным для жыцця многіх людзей, асобай, якая раней учыніла наўмыснае забойства“, — гаворыцца ў паведамленні.

Генпракуратура адзначае, што “з улікам характару інкрымінаваных дзеянняў, а таксама наступлення цяжкіх наступстваў у выглядзе смерці сямі чалавек суд не ўгледзеў падстаў для вызвалення яго ад крымінальнай адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўнасці».

На падставе пп. “г“, “е“, “ж“, “з” арт. 100 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1960 года (раней БССР; дзейнічаў з 1 красавіка 1961 года па 31 снежня 2000-га. — “Позірк”.). Рэцкаму «прызначана максімальна магчымае на дзень здзяйснення злачынства пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем першых 5 гадоў пазбаўлення волі ў турме, а астатняй часткі тэрміну пакарання — у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму“.

Апеляцыйная інстанцыя Вярхоўнага суда пакінула прыгавор суда першай інстанцыі без змены, і ён набыў моц.

Пра тое, што кілеру “банды Марозава“ прад’яўлена абвінавачанне ў наўмысным забойстве двух або больш асоб з асаблівай жорсткасцю або спосабам, небяспечным для жыцця многіх людзей, Следчы камітэт паведаміў у кастрычніку 2025 года.

Адзначалася, што Рэцкі ў сакавіку 2025 года быў экстрадаваны ў Беларусь з Казахстана, дзе ён хаваўся па падробленых дакументах. Таксама пражываў у Расіі.

Паводле звестак следства, затрыманы ўваходзіў у склад злачыннай арганізацыі з 1994 года і выконваў ролю “штатнага кілера“ — датычны да здзяйснення не менш за два рэзанансных забойстваў, учыненых у перыяд “крымінальных войнаў“ 90-х гадоў.

Па шэрагу злачынстваў, у якіх абвінавачваўся затрыманы, скончыліся тэрміны даўнасці, у сувязі з чым крымінальны пераслед па гэтых эпізодах, як заяўлялася тады, быў спынены. Сярод іх: удзел у бандзе і злачыннай арганізацыі, незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, разбой.

“Мужчына дзейнічаў з асаблівай жорсткасцю і цынізмам, выконваючы замовы лідараў злачыннай групоўкі. Першае забойства датуецца 1994 годам. Тады фігурант завабіў сваіх сяброў з Вільнюса ў Гомель, дзе ўдзельнікі “банды Марозава“, прадставіўшыся супрацоўнікамі міліцыі, здзекаваліся з пацярпелых, патрабуючы даць патрэбную ім інфармацыю. Разумеючы, што метад не працуе, яны забілі дваіх гасцей і, загрузіўшы целы ў аўтамабіль, разам з яшчэ жывымі замежнікамі прывезлі на бераг ракі Сож. Там, прывязаўшы да іх металічныя тракі, кінулі ў раку. З двума жывымі гасцямі паступілі гэтак жа“, — паведамляў СК.

Адзначалася, што банда вылучалася “асаблівай жорсткасцю і беспрынцыповасцю” ў дасягненні сваіх мэтаў. Следчыя высветлілі, што матывам забойстваў часта была “пераробка сфер уплыву ў крымінальным асяроддзі“. Увосень 1997 года ўдзельнікі “банды Марозава” расстралялі аўтамабіль крымінальнага аўтарытэта. У выніку перастрэлкі загінула тры чалавекі, у тым ліку аднагадовае дзіця.

5 траўня 2022 года набыў моц прысуд Сяргею Дзербянёву — аднаму з верхаводаў “банды Марозава“, кіраўніку “службы бяспекі“ групоўкі.

Як паведамляла Генеральная пракуратура, Дзербянёў быў прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве з асаблівай жорсткасцю двух і больш асоб для ўтойвання іншага злачынства. 1 студзеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Дзербянёў хаваўся ад следства больш за 15 гадоў і быў затрыманы летам 2019 года ва Уладзівастоку (Расія), дзе пад чужым імем працаваў ахоўнікам на мясцовым прадпрыемстве.

Банда “марозаўцаў” дзейнічала ў Гомельскай вобласці з пачатку 1990-х да 2004 года. Яе члены здзейснілі больш за 100 злачынстваў, у тым ліку каля 20 забойстваў. Назву банда атрымала па прозвішчы свайго лідара Сяргея Марозава.

“Марозаўцаў” асудзілі ў снежні 2006 года. Кіраўнікі банды — Сяргей Марозаў, Валерый Гарбаты і Ігар Данчанка — атрымалі смяротны вырак. Астатнія атрымалі ад 3 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: