Мінск 02:07

Церашковіч: “Рускія дамы” ў Беларусі займаюцца легітымізацыяй агрэсіі супраць Украіны

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 чэрвеня ў 15:00.

20 чэрвеня, Позірк. Пасля 2020 года ў Беларусі значна ўзмацнілася прысутнасць расійскіх структур, якія “сістэмна дзейнічаюць у сферы гістарычнай палітыкі і ідэнтычнасці”, заявіў прадстаўнік Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі, дарадца дэмлідара Святланы Ціханоўскай Павел Церашковіч на Беларуска-польскім экспертным форуме ім. Скірмунта*.

Мерапрыемства прайшло у Варшаве 18–19 чэрвеня.

Паводле спікера, арганізацыі працуюць над уключэннем беларускага гістарычнага наратыву ў расійскі і савецка-імперскі канцэпт — праз адукацыйныя, культурныя, мемарыяльныя і медыяпраекты.

Як асабліва прыкметныя інструменты такой дзейнасці Церашковіч адзначае мілітарызацыю гістарычнай памяці, культ перамогі ў Другой сусветнай вайне, гераізацыю расійскай імперскай вайсковай традыцыі, легітымізацыю сучаснай агрэсіі супраць Украіны.

Ключавымі гульцамі даследчык назваў Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, прадстаўніцтвы Рассупрацоўніцтва (т. зв. “Рускія дамы”), Дом Масквы ў Мінску, Фонд падтрымкі публічнай дыпламатыі ім. Гарчакова, а таксама сумесны з РФ кансультатыўны савет па гісторыі.

Партнёрамі з боку Мінска ў іх мерапрыемствах выступаюць Цэнтр ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, дзяржаўны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, праўладная партыя “Белая Русь”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, цэнтр “Каўчэг” мінскага Свята-Елізавецінскага манастыра, мясцовыя аблвыканкамы, Мінскае сувораўскае вучылішча, моладзевыя ваенна-патрыятычныя клубы, школы, ВНУ і бібліятэкі.

“Практычна ва ўсіх структур “рускага свету” існуе сінхранізаваны календар [мерапрыемстваў], які звязаны перадусім з ваеннай гісторыяй Расійскай імперыі і Савецкага саюза з фокусам на другую сусветную вайну”, — адзначыў Церашковіч.

Паводле яго, легітымізацыя агрэсіі супраць Украіны — “гэта адна з галоўных сфер актыўнасці “Рускіх дамоў”: “Больш за 10 дакументальных стужак на працягу шасці месяцаў,  прысвечаных “спецыяльнай вайсковай аперацыі” [там] былі прадэманстраваныя, у тым ліку і працы беларускіх журналістаў з Гродна”.

“Асабліва актыўны “Рускі дом” у Гродне, дзе напярэдадні новага года праводзіліся акцыі збору цёплых рэчаў, рознага рыштунку для байцоў “СВА”. Быў вывешаны плакат “Гарадзеншчына падтрымлівае СВА”, — паведаміў Церашковіч.

Як другі накірунак дзейнасці структур Рассупрацоўніцтва ён вылучыў легітымізацыю анэксіі Крыма, асабліва актыўна — з 2024 года, калі адзначалася яе дзесяцігоддзе.

Акрамя таго, узгаданыя структкры праводзяць “вельмі агрэсіўную рэкрутынгавую кампанію” для беларускіх абітурыентаў ў расійскія ВНУ, тады як боку Мінска аналагічныя дзеянні “выглядаюць вельмі слаба”, сказаў гісторык.

Апісаную дзейнасць Церашковіч лічыць “прыкрыццём падрыхтоўкі да акупацыі Беларусі” РФ: “У 2014 годзе менавіта офісы Рассупрацоўніцтва ў Данецку і Луганску былі сапраўднымі штабамі, а ў Сімферопалі там проста раздавалі зброю”.

Федэральнае агенцтва ў справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і ў міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва), якое працуе ў 62 краінах (73 прадстаўніцтвы), называе сваёй місіяй “узмацненне гуманітарнага ўплыву Расіі ў свеце”.

У рэальнасці ж ягоныя аддзяленні займаюцца прапагандай палітыкі Крамля.

Пад эгідай структкры ў Беларусі працуе чатыры расійскія Цэнтры навукі і культуры (РЦНК) або “Рускіх дома“: у Гродне, Брэсце, Гомелі і Мінску.

*Раман Скірмунт (1868–1939) — беларускі і польскі грамадска-палітычны дзеяч, другі прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі. Забіты на загад савецкіх войск.

Кіраўнік Рассупрацоўніцтва заявіў, што беларуская моладзь "уганяецца" ў Польшчу за атрыманнем адукацыі

7 красавіка, Позірк. Пра вялікую колькасць беларускіх выпускнікоў, якія адпраўляюцца вучыцца ў Польшчу, заявіў 7 красавіка кіраўнік Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве РФ (Рассупрацоўніцтва) Яўген Прымакоў. Паводле яго слоў, якія …
Падзяліцца: