Мінск 16:14

Затрыманы ў РФ беларускі рэаніматолаг Мартаў знаходзіцца ў СІЗА Віцебска

Фота: асабісты архіў Мартава

24 чэрвеня, Позірк. Урач-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў дэпартаваны ў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў віцебскім следчым ізалятары, паведамляе “Віцебская вясна”.

Мартаў, які крытыкаваў айчынную сістэму аховы здароўя, быў затрыманы ў расійскім горадзе Мурына (Ленінградская вобласць РФ) 14 траўня.

Медыя “Фантанка” паведамляла, што яго затрымалі аператыўнікі крымінальнага вышуку, а ў Беларусі яму завочна абралі меру стрымання ў выглядзе арышту. З якой менавіта прычыны, дакладна не вядома.

15 траўня “Медыязона” паведаміла, што імя Мартава фігуруе ў базе вышуку МУС РФ сярод іншых 400 грамадзян Беларусі.

Уладзімір Мартаў — урач з 30-гадовым стажам. З 2003 года працаваў у Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Апошнія пяць гадоў да звальнення загадваў аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Урач адкрыта казаў у СМІ аб праблемах арганізацыі медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус, у прыватнасці пра перабоі з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю бальніцы. Мартаў сцвярджаў, што праз гэта напрыканцы 2020 года памерла некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Падчас візіту ў бальніцу Маладзечна (Мінская вобласць) 12 сакавіка 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мартава “трэба на месца ставіць”. 3 красавіка 2021 года ўрача звольнілі — яму не працягнулі кантракт.

З таго часу Мартаў не працаваў у медыцыне. У сацыяльных сетках ён займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, заяўляў пра непрыманне гвалту і аўтарытарнага кіравання дзяржавай. Выказваў салідарнасць з палітвязнямі, выказваўся наконт галадоўкі філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Вёў падкаст “На вайне з COVID-19” на відэаплатформе “Ютуб”.

У лютым 2022 года Мартава арыштоўвалі на 7 сутак паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пасля вызвалення ўрач пакінуў краіну.

Падзяліцца: