Мінск 23:51

У Гомелі загарэўся чарговы аўтобус МАЗ — СМІ

Фота: "Моцныя навіны"

26 чэрвеня, Позірк. У Навабеліцкім раёне Гомеля загарэўся аўтобус МАЗ, паведамляе выданне “Моцныя навіны”.

Гаворка пра грамадскі транспарт 12-га маршруту, адзначае медыя.

“Усё адбылося каля прыпынку “Міжнародная”. Пасажыраў з салона вывелі”, — гаворыцца ў публікацыі.

Сцвярджаецца, што на месцы ўзгарання заўважаныя тры пажарныя машыны і дзве машыны хуткай дапамогі.

Узгаранні маршрутных аўтобусаў у Беларусі адбываюцца рэгулярна.

16 чэрвеня ў Лунінецкім раёне (Брэсцкая вобласць) згарэў аўтобус Neoplan, які рухаўся па маршруце Баранавічы — Тураў.

“Узгаранне ліквідаванае супрацоўнікамі МНС. Устаноўлена, што ў момант узгарання ў аўтобусе знаходзілася 45 пасажыраў, ніхто не пацярпеў”, — паведамілі ў МУС.

21 траўня паведамлялася аб задымленні ў сталіцы двух аўтобусаў грамадскага транспарту.

У мікрараёне Уручча ў выніку “закліноўвання генератара” задыміўся аўтобус МАЗ. Сцвярджалася, што “адбылося расслаенне і абрыў прываднага рамяня”, для тушэння кіроўца скарыстаўся вогнетушыцелем.

Таксама СМІ паведамілі пра задымленне аўтобуса № 84 на прыпынку “Пятроўшчына”.

“Там спрацавала сістэма пажаратушэння. Кіроўца прыняў неадкладныя меры па абясточванні аўтобуса. Узгарання не было. Пацярпелых няма”, — удакладнялася ў публікацыі.

Марка аўтобуса не называлася.

19 траўня стала вядома, што ў Мінску на праспекце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ. Транспартны сродак выгарэў цалкам. МНС адзначыла, што ніхто не пацярпеў.

7 траўня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла аб загаранні пасажырскага аўтобуса, які рухаўся з Пінска (Брэсцкая вобласць) па трасе М1. Інцыдэнт адбыўся недалёка ад пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць).

“У аўтобусе знаходзіліся 48 дзяцей, чатыры суправаджальнікі і кіроўца. Усе пакінулі аўтобус, ніхто не пацярпеў”, — гаварылася ў паведамленні.

Адзначалася, што падраздзяленні МНС ліквідавалі пажар. Аўтобус згарэў практычна цалкам.

Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расіі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемства.

Паводле звестак расійскіх СМІ, толькі ў Санкт-Пецярбургу летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў беларускай вытворчасці. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

Падзяліцца: