Мінск 21:24

СМІ: Германія і Францыя дамагліся змякчэння новых санкцый ЕС супраць Мінска

Крыніца: pixabay.com

27 чэрвеня, Позірк. Германія і “некаторыя іншыя краіны-экспарцёры” вымусілі Еўрасаюз аслабіць новы пакет санкцый супраць Мінска, паведамляе нямецкі партал tagesspiegel.de.

Са спасылкай на некалькі крыніц выданне ўдакладняе, што “не ўдалося дасягнуць пагаднення аб поўнай забароне на экспарт з ЕС транспартных сродкаў”, супраць гэтага выступіў Берлін.

Адзначаецца, што забарона закране толькі тэхніку, якая “можа быць выкарыстана ў вайсковых мэтах”.

Такое змякчэнне новых санкцый падтрымала Францыя.

“Таксама павінны быць выключэнні для прадметаў раскошы, такіх як вырабы са скуры, парфумерыя і віно”, — гаворыцца ў публікацыі.

26 чэрвеня амбасадары Еўрасаюза пры Еўрапейскім савеце ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Беларусі.

“Гэты пакет узмоцніць нашы меры ў адказ на ўварванне Расіі ва Украіну, у тым ліку барацьбу з абыходам санкцый”, — паведаміла бельгійскае старшынства ў ЕС.

Еўрапейскі саюз увёў санкцыі ў дачыненні да Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) і персанальна яго першага сакратара Аляксандра Лук’янава, холдынгу “БелОМА” і яго генеральнага дырэктара Аляксандра Мароза, а таксама дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, вынікае з рашэння Савета ЕС, апублікаванага 24 чэрвеня. .

Згаданыя санкцыі былі ўведзеныя ў рамках 14-га пакета санкцыяў супраць Расіі, прынятых у сувязі з працягам расійскай агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага 2022 года. Папярэдні, 13-ты пакет, быў прымеркаваны да другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну.

У яго трапілі, у прыватнасці, старшыня Наваполацкага гарвыканкама (Віцебская вобласць) Дзмітрый Дзямідаў, генсакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, якія мелі дачыненне да “незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Рэспубліку Беларусь”.

Тады ж у санкцыйныя спісы былі паўторна ўнесены ААТ “2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення” (Барысаў, Мінская вобласць) і яго дырэктар Валерый Шаціла, завод “Пеленг” (Мінск), Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) і яго дырэктар Павел Случак. Адзначалася, што згаданыя прадпрыемствы задзейнічаны ў падтрымцы ваенна-прамысловага комплексу Расіі.

На гэты момант дзейнічае восем пакетаў санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінска, апошні з іх прыняты ў жніўні 2023 года.

Пашырэнне санкцый ЕС супраць Беларусі можа быць адкладзенае праз пазіцыю Германіі і Францыі — Politico

7 чэрвеня, Позірк. Германія і Францыя выступаюць супраць намаганняў Еўрасаюза па закрыцці пралазы ў санкцыях, якая дае магчымасць дарагім таварам, уключаючы люксавыя аўтамабілі, трапляць у Расію праз Беларусь, паведамляе выданне Politico са спасылкай на інфармацыю ад еўрапейскіх дыпламатаў. Паводле слоў крыніц медыя, …
Падзяліцца: