Мінск 23:14

Літве давядзецца знайсці “нейкі фармат суіснавання” з рэжымам Лукашэнкі, лічыць спікер Сейма

Архіўнае фота: "Позірк"

1 ліпеня, Позірк. Літве давядзецца знайсці “фармат суіснавання” з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, такое меркаванне выказаў 1 ліпеня ў эфіры Žinių radijus спікер Сейма Літвы Юозас Олекас.

“Няма толькі чорнага і белага, нельга аднаму — усё, а іншаму — нічога, — цытуе парламентарыя выданне Lrytas. — Нам давядзецца знайсці нейкі фармат суіснавання з тым рэжымам, які існуе зараз. Але мы павінны бачыць і будучыню, каб тыя сілы, якія прадстаўляюць дэмакратычныя сілы Беларусі, таксама адчувалі нашу еднасць, сувязь з намі”.

Олекас падкрэсліў, што Літва “мае надаваць увагу падтрымцы дэмакратычных сіл”. “Беларусь неаднародная. Сёння яна знаходзіцца пад кіраваннем аўтарытарнага рэжыму, але адначасова існуюць і тыя дэмакратычныя сілы, з якімі неабходна падтрымліваць стасункі”, — сказаў ён.

“Беларусь — наш сусед. Для нас вельмі важна, якой будзе нашая будучыня. Цяпер для нас важныя бяспека, абарона нашых межаў, недапушчэнне парушэнняў працы нашай грамадзянскай авіяцыі праз паветраныя шары, спыненне міграцыйнай плыні. У будучыні мы павінны мець добрыя добрасуседскія стасункі з дэмакратычнай Беларуссю. <…> Наша ўвага і падтрымка — дэмакратычным сілам Беларусі, якія рана ці позна будуць весці Беларусь наперад і стануць вядучымі сіламі”, — дадаў спікер Сейма Літвы.

16 чэрвеня літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў у Сейме, што яго краіна “рашуча асуджаючы” вайну Расіі супраць Украіны, а таксама гібрыдныя атакі супраць Літвы з тэрыторыі Беларусі, “цвёрда падтрымлівае міжнародныя санкцыі” супраць гэтых краін і выступае “за іх пастрожванне”.

“Наша краіна таксама не мае намеру ісці на саступкі, калі наўпрост закранаюцца інтарэсы нацыянальнай бяспекі”, — цытавала палітыка яго прэс-служба.

Калі рэжым Лукашэнкі “сапраўды прадэманструе” намаганні па нармалізацыі стасункаў, “прынамсі, без стварэння напружанасці свайму суседу”, у Літве расцэняць гэта як знак добрай волі, казаў Науседа 2 красавіка. Ён дапусціў магчымасць, што Вільнюс пачне дыялог з рэжымам у Мінску, “але для гэтага маюць быць вельмі выразныя ўмовы”.

22 красавіка Інга Ругінене, якая тады займала пасаду прэм’ер-міністра, заявіла, што Літва “не будзе імкнуцца да збліжэння з Беларуссю”, пакуль Мінск не прадэманструе “добрую волю”. “Мы не мяняем сваю пазіцыю, і пазіцыя ўрада зразумелая. Мы гатовыя [да дыялогу], мы проста хочам бачыць добрую волю і з другога боку”, — удакладніла яна.

Падзяліцца: