Польшча на працягу 33 гадзін не прапускала грузы з Беларусі на чыгуначным тэрмінале ў Малашэвічэ
4 ліпеня, Позірк. Польскі мытны тэрмінал у Малашэвічэ (Люблінскае ваяводства) пачаў прапускаць чыгуначныя грузы з Беларусі пасля 33 гадзін прастою, паведамляе RMF.
Адзначаецца, што згодна з афіцыйна інфармацыяй Мытнай службы Польшчы, на тэрмінале праводзіліся “планавыя кантрольныя мерапрыемствы для абароны мытнай тэрыторыі ЕС ад пранікнення небяспечных тавараў або рэчываў”.
У гэты перыяд змесціва кантэйнераў, якія паступалі ў Польшчу праз Беларусь (у асноўным з Кітая), “старанна правяралася”.
Такім чынам, падкрэслівае RMF са спасылкай на неназваных польскіх дыпламатаў, Польшча прадэманстравала Мінску свае магчымасці “легальна блакаваць чыгуначны транзіт з Усходу” і адправіла “сігнал Лукашэнку”.
Разам з гэтым у тэлеграм-каналах і чатах беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, распаўсюджваецца інфармацыя, што Варшава ўвяла забарону для фізічных асоб на вываз тавараў у Беларусь. У сувязі з гэтым, як паведамляецца, супрацоўнікі мытні не выпускаюць з краіны шматлікія пакупкі, зробленыя беларусамі. Адпаведныя праверкі праводзяцца як у “зялёным”, так і ў “чырвоным” калідорах на пункце пропуску Цярэспаль.
“Позірк” звярнуўся 4 ліпеня па каментар у мытнае і памежнае ведамствы Польшчы. У Памежнай ахове паведамілі, што гэтае пытанне не ў іх кампетэнцыі, адказу мытні пакуль няма.
Паводле звестак грамадзян Беларусі, якія перасякалі мяжу, супрацоўнікі мытні спасылаюцца на ўвядзенне ЕС 29 чэрвеня новага пакета санкцый у дачыненні да Мінска.
Польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў 22 чэрвеня, што Варшава разглядае магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю.
3 ліпеня ён сказаў, што Польшча не мае намеру закрываць мяжу з Беларуссю для пасажырскага руху.
Беларусь, паводле слоў Сікорскага, “дасылае сотні мігрантаў з расійскімі візамі”, фактычна ўручную кантралюючы колькасць тых, хто спрабуе перайсці мяжу нелегальна.
Бываюць месяцы, “калі колькасць мігрантаў раўняецца нулю”, а бывае, што мяжу спрабуе перайсці “300–400 чалавек у дзень”, дадаў ён.
Толькі ад Мінска залежыць, якімі будуць яго добрасуседскія адносіны з Польшчай, падкрэсліў Сікорскі. “Нашы базавыя патрабаванні — каб на волю выйшаў [палітвязняволены журналіст] Анджэй Пачобут і спынілася сілавая перакідка мігрантаў”, — дадаў міністр.
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Еўрасаюз, таму што іх туды “паклікалі”, у Беларусі іх “лавіць не будуць”.
6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
Умацаванне мяжы з Беларуссю і Расіяй абмеркавалі 3 ліпеня міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш і яго літоўскі калега Лаўрынас Кашчунас.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
З пачатку гэтага года краіны ЕС спынілі 23,2 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — больш за 20 тыс., Латвія — крыху менш за 3 тыс., Літва — каля 250.
Зараз на беларуска-польскай мяжы працуюць два аўтамабільныя пункты пропуску: для пасажырскіх перавозак — Цярэспаль (з беларускага боку — Брэст), для грузавых — Кукурыкі (Казловічы).
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць нелегалаў на мяжы Беларусі і ЕС ніжэйшая, чым на пачатку кастрычніка, але вышэйшая, чым у папярэднія дніМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 2–4 лістапада 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПраз 35 гадоў пасля стварэння ліквідуецца Беларуская асацыяцыя садзейнічання ААНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Выбары, ПалітыкаКалі Канапацкую зарэгіструюць, ёй будзе дазволена крытыкаваць Расію — ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаЛетась даходы ад паляўнічага турызму ў Беларусі з удзелам замежнікаў павялічыліся на 30% — МінлясгасМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка