Мінск 17:49

Лукашэнка заклікаў расіян і ўкраінцаў раскупляць участкі ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

6 ліпеня, Позірк. Раскупляць участкі ў Беларусі заклікаў расіян і ўкраінцаў Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня ў Александрыі (Магілёўская вобласць), выступаючы на фестывалі “Купалле. Александрыя збірае сяброў”.

“Яшчэ раз хачу вам [cказаць], паважаныя беларусы і найбліжэйшыя нашыя сябры з Украіны і Расіі, падумайце над маёй прапановай пра куплю за дробязь, за капейкі невялікіх участкаў у неперспектыўных так званых сёлах, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Вы ведаеце, што вёска ў нас выратаваная. Мы будуем больш за паўтары тысячы аграгарадкоў, ужо вызначана, дзе яны будуць. Сельская гаспадарка ўзбуйняецца, а значыць і аграгарадкі будуць буйнымі”.

Паводле слоў Лукашэнкі, у краіне засталіся “сярэднія і зусім маленькія вёсачкі, дзе раней жыло шмат людзей”, гэта “выдатныя месцы, цуд-месцы”, якія “не павінны загінуць”. “А хто іх адновіць, хто іх захавае? Мы з вамі!” — заявіў ён.

“Вы павінны адрадзіць гэтыя вёсачкі, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да гараджан. — Няхай у вас там будзе лецішча. Бо гэта 40–50 сотак зямлі — гэта немалы кавалак. У горадзе ці каля горада вы ў лепшым выпадку атрымаеце ўсяго шэсць сотак для гэтага ўчастку на лецішча. А тут — 40–50. Рабіце гэта зараз, заўтра будзе позна. Рабіце таму, што вы маеце дзяцей і яны павінны хадзіць басанож па зямлі”.

Паводле яго слоў, “заўтра гэтых участкаў ужо не будзе”, таму што “Беларусь стала ціхім і спакойным, утульным кутком для расіян, украінцаў”, якія прыязджаюць “за спакоем і цішынёй”.

Паводле даных Белстата, на 1 студзеня 2024 года ў Беларусі налічвалася 9.155.978 жыхароў. Для параўнання: на пачатак 2023 года ў краіне пражывала 9.200.617 чалавек, 2022-га — 9.255.524, 2021-га — 9.349.645, 2020-га — 9.410.259. Такім чынам, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, за чатыры гады колькасць жыхароў скарацілася на 254.281.

З 2020 года Белстат не публікуе даныя пра нараджальнасць і смяротнасць. Пра іх можна меркаваць толькі паводле ўскоснай інфармацыі.

На хвалі рэпрэсій, якімі ўлады адрэагавалі на масавыя пратэсты пасля выбараў, з краіны з’ехала вялікая колькасць грамадзян. Згодна з неафіцыйнымі данымі, лік ідзе на сотні тысяч чалавек.

Падзяліцца: