Мінск 15:49

Праз наступствы непагадзі цягнікі ў Гомельскай вобласці ідуць са спазненнем — БЧ

Фота: belnovosti.by

14 ліпеня, Позірк. Пра “адхіленні” ў руху цягнікоў на 1–3 гадзіны праз наступствы непагадзі непагадзі паведаміла 14 ліпеня Беларуская чыгунка.

Цягнікі спазняюцца ў Гомельскай вобласці на ўчастках БЧ Калінкавічы — Жлобін, Калінкавічы — Жыткавічы, Калінкавічы — Славечна, Жлобін — Гомель.

Адзначаецца, што гэтых участках “здарылася падзенне дрэў на чыгуначныя шляхі і лініі электразабеспячэння”.

“Беларускай чыгункай прымаюцца аператыўныя меры па ліквідацыі наступстваў стыхіі і ўводу цягнікоў у графік”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раніцай 14 ліпеня аб’яднанне “Белэнерга” паведаміла, што на працягу сутак з прычыны непагадзі — шквальнага ветру і навальніцы — перыядычна парушалася электразабеспячэнне 900 населеных пунктаў (у Брэсцкай вобласці — 9, Віцебскай — 274, Гомельскай — 3, Гродзенскай — 232, Мінскай — 361, Магілёўскай — 21), 47 сельскагаспадарчых будынкаў і 2.897 трансфарматарных падстанцый. На 6 гадзін 14 ліпеня без электразабеспячэння заставалася 104 населеныя пункты (у Віцебскай вобласці — 42, Гродзенскай — 33, Мінскай — 19, Магілёўскай — 10), 1 сельскагаспадарчы будынак і 234 трансфарматарныя падстанцыі.

Паводле даных МНС, ад непагадзі пацярпелі 62 населеныя пункты ў 10 раёнах Брэсцкай (3) і Гродзенскай (7) абласцей. Пашкоджаныя дахі 230 жылых дамоў у Брэсцкай (6) і Гродзенскай (224) абласцях, 3 аб’ектаў сацкультбыту ў Гродзенскай вобласці, 73 сельскагаспадарчых будынкаў у Брэсцкай (38) і Гродзенскай (35) абласцях і 38 гаспадарчых пабудоў у Брэсцкай (1) і Гродзенскай (37) абласцях.

Зафіксавана 372 выпадкі падзення дрэў у Брэсцкай (9), Віцебскай (8), Гродзенскай (207), Мінскай (78) абласцях і ў Мінску (70). Паваленымі дрэвамі пашкоджана 25 аўтамабіляў у Брэсцкай (2), Гродзенскай (5), Мінскай (1) абласцях і ў Мінску (17).

Два чалавекі загінулі, сем — у тым ліку чацвёра непаўналетніх — пацярпелі.

У лясным масіве на беразе Вілейскага вадасховішча каля вёскі Кучкі Вілейскага раёна Мінскай вобласці, на тэрыторыі кемпінга “Клёвае месца”, паваленым дрэвам смяротна траўмаваны грамадзянін 1989 года нараджэння, аператар ТАА “Тытунь-Інвест”.

У выніку падзення дрэва каля канала Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску па вул. Мірашнічэнкі, недалёка ад Цнянскага вадасховішча, загінула грамадзянка 1998 г.н., яе сяброўка 1999 г.н. шпіталізаваная.

Падзяліцца: