Мінск 04:25

Шэраг украінскіх рэсурсаў атрымаў у Беларусі “экстрэмісцкі” статус за крытыку Мінска і Масквы

16 ліпеня, Позірк. “Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны кантэнт украінскіх тэлеграм-каналаў STERNENKO, PETLYARIS, “+ Вертикаль” і “Скринька Пандори”, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Адпаведныя судовыя рашэнні вынесеныя на падставе заяў пракуратуры Стаўбцоўскага раёна (Мінская вобласць).

Сцвярджаецца, што ў згаданых каналах размяшчалася інфармацыя, “скіраваная на распальванне палітычнай і нацыянальнай варожасці ў дачыненні да Беларусі і Расіі, беларускага і расійскага народаў”, а таксама публікацыі з абразамі Аляксандра Лукашэнкі.

“Экстрэмісцкім” таксама прызнанае змесціва канала “Arischer Weg | Арийский Путь”, дзе размяшчаліся звесткі, “скіраваныя на рэабілітацыю нацызму і прапаганду нацысцкіх поглядаў”.

“Ва ўсіх названых Telegram-каналаў замежны след”, — заявіла Генпракуратура. Наглядны орган нагадаў, што за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” — у тым ліку “праз спасылкі (рэпосты, лайкі)” — прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з’яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Падзяліцца: