Мінск 16:04

З пачатку ліпеня ад агню пацярпела не менш за дзевяць адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі

Скрыншот: тэлеграм-канал МНС

16 ліпеня, Позірк. З пачатку ліпеня агнём знішчана або пашкоджана не менш за дзевяць адзінак тэхнікі, якая належыць прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг паведамленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

1 ліпеня падчас сельскагаспадарчых работ у Рэчыцкім раёне (Гомельская вобласць) загарэўся кормаўборачны камбайн КЗС-1218 “Палессе GS12”. У выніку пажару ён быў знішчаны.

Маторны адсек аналагічнай сельгасмашыны пашкоджаны агнём 8 ліпеня ў Глускім раёне (Магілёўская вобласць). Камбайн загарэўся на машынным двары.

У гэты ж дзень у полі ў Калінкавіцкім раёне (Гомельская вобласць) у выніку пажару быў пашкоджаны прычапны прэс-падборшчык ПРФ-180. Пацярпелі колы і лакафарбавае пакрыццё.

9 ліпеня падчас работ у Мазырскім раёне (Гомельская вобласць) загарэўся кормаўборачны камбайн УЭС-2-250А “Палессе” (знішчаны).

Пры транспарціроўцы 25 тон пшаніцы ў Свіслацкім раёне (Гродзенская вобласць) 10 ліпеня загарэўся грузавік Volvo FH42 TB. Агнём пашкоджаныя кабіна, маторны адсек, лакафарбавае пакрыццё паўпрычэпа.

У гэты ж дзень пры правядзенні сельскагаспадарчых работ у Кіраўскім раёне (Магілёўская вобласць) загарэліся трактар МТЗ-1221 і прычапной прэс-падборшчык ППРО-155. Знішчаныя 9 тон саломы ў рулонах, пашкоджаныя кабіна, заднія колы трактара і прэс-падборшчык.

Маторны адсек збожжаўборачнага камбайна КЗС-1218 “Палессе GS12” пашкоджаны агнём 11 ліпеня ў Чавускім раёне (Магілёўская вобласць).

12 ліпеня падчас работ у полі ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці загарэўся трактар МТЗ-3522 (знішчаны).

Паводле звестак МНС, на аб’ектах АПК адбыліся і іншыя здарэнні.

5 ліпеня ў Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) у выніку пажару пашкоджаныя 48 тон насення рапсу і металічная абшыўка сушылкі на плошчы 10 м2.

Падобныя надзвычайныя здарэнні зафіксаваныя 6 ліпеня ў Ляхавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) (пашкоджаная 1 тона азімага ячменю), 8 ліпеня — у Пастаўскім раёне (Віцебская вобласць) (знішчаная 1 тона азімага ячменю, пашкоджаныя 2 тоны ячменю), 15 ліпеня — у Мінскім раёне (знішчана 0,1 тоны ячменю, пашкоджаная сценка і вентылятар зернесушылкі).

У выніку пажару 9 ліпеня ў Ляхавіцкім раёне агнём знішчана 4,8 тоны саломы ў рулонах.

Не толькі агонь наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.

Паводле звестак Мінсельгасхарча, у выніку ліўняў з градам ва ўсіх абласцях адзначаецца пашкоджанне пасеваў. Паводле папярэдніх даных, пацярпела 16 тыс. га: у Гомельскай вобласці — 8,1 тыс., Мінскай — 6,1 тыс., Гродзенскай — 0,7 тыс., Віцебскай — 0,6 тыс., Брэсцкай — 0,5 тыс.

Падзяліцца: