Мінск 04:17

Прадпрыемствы акупаванай часткі Запарожскай вобласці хочуць павялічыць пастаўкі ў Беларусь

Адзін з цэхаў Мелітопальскага ліцейнага завода
Крыніца: т.зв. "Мінпрамгандаль" Запарожскай вобласці

23 ліпеня, Позірк. Аб жаданні “кратна павялічыць” аб’ёмы паставак у Беларусь заявілі прадстаўнікі ліцейных прадпрыемстваў, размешчаных на акупаваных тэрыторыях Запарожскай вобласці (Украіна), паведамляе ТАСС.

Дэлегацыя згаданых прадпрыемстваў і члены прызначанага Масквой “урада” гэтага рэгіёну знаходзяцца з візітам у Беларусі.

Заяўляецца, што штомесячныя пастаўкі высокатрывалага чыгуну плануецца павялічыць са 100 да 250 тон. Таксама абмяркоўваецца магчымасць продажу ў Беларусь турбакампрэсараў, нафтахімічнай тары, цыліндраў, размеркавальнікаў, змазачных-ахаладжальных вадкасцяў і іншай прадукцыі.

Так званы “выконваючы абавязкі намесніка старшыні ўрада па эканоміцы Запарожскай вобласці” Юрый Гуськоў паведаміў аб планах выхаду на Беларускую ўніверсальную таварную біржу, якую ён назваў “адным з інструментаў рэалізацыі прадукцыі запарожскіх вытворчасцяў”.

17 траўня так званы “выконваючы абавязкі міністра прамысловасці і гандлю” акупаванай Расіяй часткі Запарожскай вобласці Аляксандр Марчанка паведаміў пра “перамовы з беларускімі калегамі аб вытворчасці трактароў “Беларус” у Запарожскай вобласці”.

Пра намер стварыць сумесную вытворчасць з МТЗ улады акупаванай часткі Запарожскай вобласці заяўлялі і ў кастрычніку 2023 года. Тады ж імі заяўлялася аб перамовах з ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат” (Віцебская вобласць) аб “адкрыцці філіяла” на падкантрольнай РФ тэрыторыі Запарожскай вобласці.

10 траўня начальнік “аддзела па працы з палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі дэпартамента ўнутранай палітыкі адміністрацыі губернатара і ўрада Запарожскай вобласці” Дзяніс Леўчанка паведаміў, што ў ходзе візіту ў Мінск дасягнутыя “дамоўленасці ў плане ўзаемнага супрацоўніцтва ў напрамку патрыятычнага выхавання, абмену вопытам”.

На пытанне аб далейшым супрацоўніцтве ён адказаў: “Нас падтрымлівае як адміністрацыя Расійскай Федэрацыі (такога органа не існуе. — “Позірк”.) , так і з беларускага боку. І праекты, якія мы цяпер намецілі, яны з’яўляюцца усерасійскімі на федэральным узроўні”.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Украіны, акупаванымі РФ.

У Растове-на-Доне ў гэтым месяцы адкрылася генеральнае консульства Беларусі, у акругу якога ўвайшлі Растоўская і Валгаградская вобласці РФ, а таксама акупаваныя расійскай арміяй тэрыторыі Украіны — так званыя “данецкая народная рэспубліка”, “луганская народная рэспубліка”, часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей і анэксаваны раней Крым.

Кіраўнік т.зв. “днр” Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. 15 чэрвеня мінулага года амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр”і ” лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных вакацый”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіеяй тэрыторый Украіны — “на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Падзяліцца: