Мінск 03:42

Справа аб выбуху на Светлагорскім ЦКК накіраваная ў суд

Крыніца: sn.by

25 ліпеня, Позірк. Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб выбуху на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце (Гомельская вобласць), паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Адзначаецца, што падазраваным па справе з’яўляецца “намеснік начальніка цэха”. Яму інкрымінаванае “парушэнне правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананне, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб” (ч. 3 арт. 306 Крымінальнага кодэкса).

Фігуранту справы пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі з “пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю”.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны 7 чэрвеня 2023 года “арганізаваў і непасрэдна кіраваў правядзеннем падначаленымі работнікамі хімічнай ачысткі (прамывання) цеплаабменніка ад арганічных адкладаў”. Пры гэтым ён “разумеў, што выбраныя ім спосаб прамывання і чысцячы сродак у выглядзе перакісу вадароду не прадугледжаныя тэхнічнай дакументацыяй”.

“Выяўленая намеснікам начальніка цэха нядбайнасць прывяла да самаадвольнай ланцуговай экзатэрмічнай рэакцыі раскладання перакісу вадароду і хімічнага выбуху ў рэжыме яе дэтанацыі, праз што на месцы здарэння загінулі трое рабочых”, — сцвярджае Генпракуратура.

Паводле ацэнак следства, выбухам нанесены маёмасны ўрон прадпрыемству на 7 млн рублёў.

Абвінавачанаму прад’яўленыя іскавыя патрабаванні аб кампенсацыі шкоды.

7 чэрвеня 2023 года начальнік Светлагорскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Высоцкі паведаміў, што падчас пошукава-выратавальных работ на месцы аварыі на ЦКК “выяўленыя парэшткі меркавана траіх чалавек”.

СК паведаміў, што ў выніку “ўспышкі газапаветранай сумесі” на прадпрыемстве пацярпелі чатыры чалавекі.

Цэнтр медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя заяўляў, што пацярпелых чацвёра (1985–1996 г.н.). Ва ўсіх дыягнаставаныя паверхневыя раны галавы і паверхневыя апёкі рук.

8 чэрвеня Следчы камітэт паведаміў пра гібель у выніку выбуху трох чалавек. Загінулыя — супрацоўнікі прадпрыемства ва ўзросце 31, 24 і 42 гадоў.

Заяўлялася аб ўзбуджэнні справы паводле арт. 302 КК (парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах альбо правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ).

ААТ “Светлагорскі ЦКК” — буйны вытворца сульфатнай беленай цэлюлозы, гофракардону, гофраскрынак, паперы для гафрыравання і іншых прадуктаў з першасных і другасных папяровых валокнаў.

Падзяліцца: