Мінск 17:28

У Беларусі насупраць Валынскай вобласці засяроджана да 5 тыс. вайскоўцаў, сцвярджае Зяленскі

Уладзімір Зяленскі
Архіўнае фота: president.gov.ua

30 ліпеня, Позірк. Украінскае камандаванне бачыць “кантынгент да 5 тыс. [вайскоўцаў] з боку беларускай мяжы, што насупраць Валынскай вобласці”, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 30 ліпеня падчас наведвання гэтага рэгіёну (мяжуе з Брэсцкай вобласцю).

“Не буду казаць усе дэталі, але з нашага боку ёсць магутная абарона і ў колькасным складзе, і ў лініях абароны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў адпаведнасці з яго ўказам ва ўсіх абласцях, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй, павялічана колькасць пагранічнікаў.

У рамках візіту начальнік Валынскай абласной вайсковай адміністрацыі Юрый Пагуляйка даў справаздачу, што на тэрыторыі вобласці “абсталяваныя супрацьтанкавыя равы, загараджальныя платы і ўзводныя апорныя пункты з агнявымі пазіцыямі, а на кірунках верагоднага руху браняванай тэхнікі акупантаў усталяваныя жалезабетонныя канструкцыі і ахоўныя збудаванні для ўкрыцця асабовага складу”.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з’яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

У канцы чэрвеня 2024 года беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі разведвальнай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

13 ліпеня Лукашэнка даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы пастаяннай дыслакацыі. “Пасля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае ўзброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і наогул вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы”, — заявіў ён.

На цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вайсковых ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу 16 ліпеня ў Менску Лукашэнка заявіў (https://pozirk.online/be/news/95897), што сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы не абвастрылася, а проста “выйшла за рамкі той, якая была”. Ёй, са слоў спікера, далі рады вайскоўцы — “дыпламатычнай мовай”.

(Выкарыстаныя відэапаведамленні Уладзіміра Зяленскага ў яго сацсетках і паведамленне прэс-службы Валынскай абласной дзяржадміністрацыі.)

Падзяліцца: