Мінск 19:18

КПЧ ААН зарэгістраваў скаргу на ліквідацыю БАЖ

Крыніца: БАЖ

31 ліпеня, Позірк. Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый зарэгістраваў індывідуальную скаргу старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца на “незаконную і неабгрунтаваную” ліквідацыю арганізацыі.

Інфармацыя пра гэта паступіла 30 ліпеня, паведаміў “Позірку” намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Паводле звестак прэс-службы асацыяцыі, заява на дзеянні беларускіх уладаў была пададзена ў лютым 2023 года. Як зазначыў кіраўнік прававога цэнтра БАЖ Алег Агееў, заяўніку ўдалося “паспець ускочыць у апошні вагон і падаць скаргу якраз перад тым, як рэжым Лукашэнкі дэнансаваў Факультатыўны пратакол, які дазваляў беларусам звяртацца са скаргамі ў ААН”.

Юрыст нагадаў, што ўсе прынятыя КПЧ ААН рашэнні “павінны быць выкананы, калі не ўладамі гэтай, то новай Беларусі”. Гэта азначае, што БАЖ, як і ўсе, хто паспеў звярнуцца ў Камітэт, будуць адноўлены ў сваіх правоў у выпадку змены палітычнага рэжыму, таму што рашэнні КПЧ не маюць тэрміну даўніны, зазначыў Агееў.

Бастунец у сваёй скарзе ўказвае, што рашэнне аб ліквідацыі БАЖ з’яўляюцца парушэннем яго “права на свабоду асацыяцыі, якую гарантуе артыкул 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

27 жніўня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў БАЖ па іску Міністэрства юстыцыі. Арганізацыя працягнула дзейнасць за мяжой. Праз паўгода, 28 лютага 2023-га, КДБ прызнаў БАЖ “экстрэмісцкім фармаваннем”. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказалі рашучы пратэст супраць гэтага рашэньня спэцслужбы.

27 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб дэнансацыі Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года. Дэнансацыя наступіла 8 лютага 2023 года, праз тры месяцы пасля таго, як генеральны сакратар ААН атрымаў адпаведнае апавяшчэнне ад афіцыйнага Мінска.

Выхад Беларусі з працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў Камітэт ААН па правах чалавека назваў “сур’ёзнай перашкодай для абароны правоў чалавека”.

Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — калектыўны дагавор, які ўстанаўлівае механізм падачы індывідуальных скаргаў. Фіксуе прызнанне кампетэнцыі Камітэта ААН па правах чалавека разглядаць скаргі ад асоб, якія сцвярджаюць, што іх правы былі парушаны.

Прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН у 1966 годзе і набыў моц у 1976-м.

Падзяліцца: