Мінск 16:34

Беларуская моладзь ператвараецца ў “кадравую сыравіну” для расійскай эканомікі — дарадца Ціханоўскай

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / Racool Studio

31 ліпеня, Позірк. Штогадовае павелічэнне квот для беларускай моладзі ў расійскіх універсітэтах “з рэкорднай колькасцю ў 1.300 месцаў” — “стратэгічны крок”, каб абмежаваць ёй доступ да “дэмакратычных каштоўнасцяў і акадэмічных свабод” і яшчэ больш прывязаць краіну да РФ, лічыць Маргарыта Ворыхава.

Такім чынам дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву пракаментавала інфармацыю пра абмеркаванне ў Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі магчымасці размеркавання беларускіх выпускнікоў на прадпрыемствы РФ.

Паводле слоў Ворыхавай, “прыцягваючы беларускіх студэнтаў і інтэгруючы іх у расійскую адукацыйную і працоўную сістэмы, Расія імкнецца змякчыць наступствы свайго дэмаграфічнага крызісу”. “Аднак гэта абмяжоўвае аўтаномію беларускай моладзі і ператварае яе ў “кадравую сыравіну” для расійскай эканомікі”, — лічыць дарадца дэмлідара.

Гэтая палітыка, адзначыла яна, “праводзіцца на фоне шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну”. “Спроба Масквы ўзмацніць кантроль над беларускай моладдзю і абмежаваць яе доступ да еўрапейскіх адукацыйных і працоўных магчымасцяў — гэта частка шырэйшай стратэгіі ўплыву і кантролю”, — мяркуе Ворыхава.

Падкрэсліўшы, што беларуская моладзь “заслугоўвае права выбіраць адукацыйныя і прафесійныя шляхі без прымусу і ўплыву”, дарадца палітыка паведаміла, што офіс Ціханоўскай працуе “над павелічэннем праграм <…> для навучання ў еўрапейскіх універсітэтах і ўдзелу ў міжнародных абменах”.

Пра тое, што камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя разглядае магчымасць размеркавання выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў на прадпрыемствы, якія задзейнічаны ў прыярытэтных галінах эканомікі Саюзнай дзяржавы, стала вядома 26 ліпеня з матэрыялу інфармагенцтва “Мінск-Навіны”.

Падзяліцца: