Мінск 16:32

Мастаку-акцыяністу Кузьмічу пагражае дэпартацыя ў Беларусь

Аляксей Кузьміч
Фота: "Новы час"

2 жніўня, Позірк. Суд горада Пантуаза (прыгарад Парыжа) пастанавіў дэпартаваць у Беларусь мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. еўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зняволення.

Зараз Кузьміч утрымліваецца ў дэпартацыйным цэнтры. Адзначаецца, што гэтае месца “па сутнасці з’яўляецца турмой, дзе знаходзяцца зняволеныя, якія адбылі тэрмін у калоніі і чакаюць адпраўкі дадому”.

Пра арышт Кузьміча са спасылкай на свае крыніцы напярэдадні паведаміў партал “Люстэрка”. Ён быў затрыманы падчас перформансу — раскопваў магілу нідэрландскага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у французскім горадзе Овер-сюр-Уаз.

У лютым 2024 года Кузьміч быў эвакуіраваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl, пасля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са смерцю бабулі.

“Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт”. Абвясцілі ў вышук. За пару дзён да таго, як прыйшлі дадому са Следчага камітэта, я з’ехаў у вёску. Перад [парламенцкімі] выбарамі сітуацыя абвастрылася. Пайшоў па хатах участковы. Зразумеў, што прыйшоў час. Выехаць з першай спробы не атрымалася. Аказалася, што з Расіі выезд мне таксама забаронены. Але шчыліну я знайшоў. І цалкам легальна зваліў. Ужо ў трэці раз”, — пісаў тады Кузьміч у “Фэйсбуку”.

Мастак наведваў краіну і ў 2023 годзе, а ў кастрычніку таго ж года яго відэафільм “Іншапланецяне ў Беларусі. Транзіт або Зад назад ” прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў.

Аляксей Кузьміч — малодшы-сын вядомага мастака Аляксея Кузьміча. Раней ладзіў правакацыйныя перформансы ў Беларусі.

Падзяліцца: