Мінск 14:21

Ціханоўская пра канферэнцыю “Новая Беларусь”: Радая, што па некаторых пытаннях здолелі дамовіцца

Скрыншот: трансляцыя канферэнцыі "Новая Беларусь"

4 жніўня, Позірк. “Я вельмі радая, што цягам двух дзён па некаторых пытаннях мы здолелі дамовіцца. Недзе паспрачацца. Па некаторых давядзецца яшчэ паразмаўляць”, — такім чынам беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падсумавала вынікі канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая прайшла 3–4 жніўня ў Вільнюсе.

“Мы прэзентавалі новы склад [Аб’яднанага пераходнага] кабінета. У бліжэйшыя тыдні новыя прадстаўнікі павінны будуць прайсці працэдуру ўзгаднення ў Каардынацыйнай радзе, каб паўнацэнна заступіць на свае пасады”, — адзначыла яна, выказаўшы спадзеў, што далучэнне новых людзей “дасць кабінету новае дыханне”.

Прыняты падчас канферэнцыі “пратакол узаемадзеяння” дэмсіл палітык назвала “асноватворным”: “Гэта правілы, паводле якіх мы будуем не толькі нашую супрацу, але і давер унутры дэмакратычных сіл. Мы зафіксавалі ролі і абавязкі кожнага інстытуту”.

“Мы прынялі “Платформу 2025”, гэта агульная рамка для нашай працы, — падкрэсліла Ціханоўская. — Гэтую платформу падтрымалі як палітычныя структуры, так і грамадскія ініцыятывы. Платформа адкрытая для падпісання, далучайцеся. Цяпер трэба напоўніць гэтую платформу практычнай дзейнасцю. Я чакаю, што кожны возьме на сябе кавалак працы. Бо працы сапраўды шмат, і кожнаму знойдзецца месца”.

Удзельнікі канферэнцыі, паводле яе слоў, “акрэслілі прыярытэты” на 2025 год.

“У першую чаргу гэта вызваленне і дапамога палітвязням. Абарона інтарэсаў Беларусі і беларусаў. Інстытуцыяналізацыя дэмакратычных сіл. Еўрапейскі выбар. Дапамога медыя, грамадзянскай супольнасці і беларусам унутры краіны. Прыцягненне рэжыму да адказнасці. Не даць рэжыму перагарнуць старонку, не даць яму замарозіць сітуацыю, пакуль людзі ў турмах, а краіна паняволеная”, — пералічыла гэтыя прыярытэты палітык.

“Лукашэнкаўскія выбары не будуць ні законныя, ні справядлівыя, і мы будзем дабівацца іх непрызнання. Мы выпрацуем супольную стратэгію, штó рабіць у дзень “безвыбараў”, да і пасля яго”, — дадала яна.

На форуме, нагадала дэмлідар, “прэзентаваны міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным”, які стаў “практычным вынікам вялікай супольнай працы многіх ініцыятываў, і прыкладам салідарнасці замежных дзяржаваў”. 

“Па выніках канферэнцыі і нашых з вамі дыскусій былі распрацаваныя праекты дэкларацый — аб падтрымцы палітвязняў, аб падтрымцы незалежных медыя. Прынятыя дэкларацыі “Аб прыярытэтах замежнай палітыкі”, “Аб аднаўленні справядлівасці” і “Аб выбарах-2025″. <…> Гэтыя дэкларацыі адкрытыя для падпісання як удзельнікамі канферэнцыі, так і партнёрскімі арганізацыямі”, — паведаміла Ціханоўская.

Падзяліцца: