Мінск 06:36

У дачыненні да беларускіх і яшчэ некалькіх дзесяткаў чалавек ва Украіне ўзбуджана крымінальная справа за стварэнне ўзброенай групоўкі — СМІ

9 жніўня, Позірк. У Адэсе з траўня 2024 года расследуюць справу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны, якія датычацца дзяржаўнай здрады, стварэння незаконнай ваенізаванай арганізацыі, незаконнага абыходжання са зброяй і апраўдання расійскай агрэсіі. Адна з 23 абвінавачаных — грамадзянка Беларусі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Паводле даных СМІ, грамадзянка Беларусі ў ліпені 2023 года атрымала ва Ўкраіне дазвол на сталае пражыванне.

Жанчына, як сцвярджаецца, была членам узброенай групоўкі, якая з 2014 года рыхтавалася да акупацыі Адэсы Расіяй. Групоўку, па версіі следства, стварыў украінскі адвакат, які нарадзіўся ў Севастопалі. Датычнымі да фарміравання называюць грамадзян Украіны, Расіі, Кыргызстана, Беларусі, ЗША і Германіі.

Незаконнае ваенізаванае фарміраванне, як сцвярджэнне рыхтавалася да садзейнічання Узброеным сілам Расіі ў выпадку акупацыі Адэсы, куды групоўка пераехала ў 2014 годзе пасля акупацыі Расіяй Крыма. З таго часу ў яе склад пачалі вербаваць удзельнікаў і рыхтавацца да падрыўной дзейнасці супраць Украіны, гаворыцца ў публікацыі.

У групоўцы дзейнічалі пяць асноўных аддзяленняў: штурмавая група, снайперская група, група разведкі, а таксама групы аператыўнага забеспячэння і сувязі. У арганізацыі праводзілі лекцыі, заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, стральбе і рукапашным баі.

Падчас вобшуку па месцы пражывання арганізатара фарміравання знайшлі 64 адзінкі агнястрэльнай зброі і вялікую колькасць боепрыпасаў да яе, паведамляе медыя.

Падзяліцца: