Мінск 16:22

Зняволенымі з палітычных матываў з’яўляюцца 38 людзей слова — заява беларускага і міжнароднага ПЭН-цэнтраў

Крыніца: сайт Беларускага ПЭНа

9 жніўня, Позірк. Больш за 1.400 чалавек, “у тым ліку 38 людзей слова — пісьменнікаў, перакладчыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі”, застаюцца зняволенымі з палітычных матываў у Беларусі, адзначаецца ў сумеснай заяве Беларускага ПЭНа і PEN International.

Заява зробленая “з нагоды чацвёртай гадавіны непрызнаных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і беспрэцэдэнтнага крызісу, які надыйшоў пасля”. Аб’яднанні літаратараў заклікалі міжнародную супольнасць “падвоіць намаганні, скіраваныя на барацьбу з грубымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.

У заяве згадваецца колькасць асуджаных з палітычных матываў, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама ўнесеных у так званыя спісы тэрарыстаў і атрымаўшых статус “экстрэмістаў” беларусаў за апошнія чатыры гады, якія, на думку згаданых арганізацый, “адзначыліся рэпрэсіямі ў глабальным маштабе”.

Асобна адзначаецца, што Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) прыйшла да высновы, што некаторыя задакументаваныя ёю парушэнні могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавецтва.

Пры гэтым, гаворыцца ў заяве, “стыгматызацыя і рэпрэсіі беларускай мовы і літаратуры не змяшаюцца”.

Аўтары заявы звяртаюць увагу на тое, што “з мэтаю знішчыць усе незалежныя погляды ўлады Беларусі ўсё часцей ціснуць на сваякоў дысідэнтаў, у тым ліку шляхам несправядлівага затрымання, судовага пераследу і зняволення” і гавораць аб ўзмацненні рэпрэсій па-за межамі краіны.

Апошнімі яны лічаць скасаванне ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2023 года “аказання консульскіх паслуг у падаўжэнні або ўзнаўленні пашпартоў беларусаў за мяжой, якое прымушае іх ехаць у Беларусь і стварае для іх высокую рызыку палітычна матываванага пераследу, сур’ёзна ўплывае на свабоду перамяшчэння і доступ да асноўных паслуг”.

Таксама згадваецца, што “ўлады Беларусі распачалі як мінімум 104 крымінальныя справы супраць беларусаў замежжа, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі ў сакавіку 2024 года”, а “беларускаму кінарэжысёру і журналісту Андрэю Гнёту пагражае прымусовая дэпартацыя з Сербіі ў Беларусь на падставе сфабрыкаваных абвінавачанняў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў”.

Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН заклікалі Мінск “спыніць рэпрэсіі супраць іншадумства і вызваліць усіх затрыманых за мірнае выказванне сваіх поглядаў”, а міжнародную супольнасць — “працягваць аказваць ціск на ўлады Беларусі з мэтай вызвалення зняволеных паводле палітычных матываў, у тым ліку дзеячаў культуры, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці за злачынствы, учыненыя ўладамі Беларусі, а таксама падтрымаць незалежныя культурныя праекты і ініцыятывы як у Беларусі, так і па-за яе межамі”.

Міжнародны ПЭН-клуб — сусветнае аб’яднанне прафесійных літаратараў, заснаванае ў Лондане 5 кастрычніка 1921 года, каб пашыраць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій і абараняць іх правы.

Беларускі ПЭН быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, куды ўваходзіла 20 пісьменнікаў, і прыняты ў Міжнародны ПЭН-клуб у траўні 1990 года на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра. Зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі 16 лістапада 1990 года на падставе статута і пастановы Савета міністраў № 274 ад 1 лістапада 1990 года і перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. У жніўні 2021 года беларускія ўлады юрыдычна ліквідавалі арганізацыю. Яна працягвае працу за мяжой.

Падзяліцца: