Мінск 14:04

Лукашэнка абвінаваціў УСУ ў парушэнні паветранай прасторы Беларусі, войскі ў падвышанай гатоўнасці

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Міністэрства абароны

10 жніўня, Позірк. Абвінавачанне ў парушэнні паветранай мяжы Беларусі высунуў на адрас украінскай арміі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня падчас наведвання Магілёўскай вобласці.

“Учора ў 18 гадзін 10 хвілін сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі пераведзеныя ў падвышаную баявую гатоўнасць, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гатоўнасць № 1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны”.

“Узброеныя сілы Украіны парушылі ўсялякія правілы паводзін і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна (захавана арыгінальная фармулёўка. — “Позірк”.). Таму сілы СПА былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп цэляў. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі пераведзеныя ў падвышаную баявую гатоўнасць”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, “у 19 гадзін 4 хвіліны на вышыні паўтара кіламетра і далёкасці 6,5 кіламетра сіламі супрацьпаветранай абароны было знішчана некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі”.

“Уначы і сёння з раніцы адбываецца пошук таго, што было знішчана. Мы падазраём, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны. Над тэрыторыяй Беларусі мы знішчылі цэлі. Астатнія былі перададзеныя (у нас адзінае СПА з Расіяй), былі перададзеныя Расійскай Федэрацыі”, — сцвярджае ён.

Падзяліцца: