Мінск 18:02

Лукашэнка пажадаў народу Латвіі “ўмацавання дзяржаўнасці не коштам адносін са сваімі суседзямі”

Сталіца Латвіі Рыга, восень 2023 года
Фота: "Позірк"

18 лістапада, Позірк. “Беларусы <…> ніколі не дыктавалі вам, каго выбіраць кіраўніком сваёй краіны і па якім шляху яна будзе развівацца” — такое сцвярджэнне змяшчаецца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі “народу Латвіі” з нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь без ваганняў адкрыла для жыхароў Латвіі магчымасць бязвізавага ўезду ў краіну, і ёю скарысталіся дзясяткі тысяч чалавек. “Такім чынам Мінск падтрымаў гуманітарныя і дзелавыя кантакты, надаў дадатковую каштоўнасць суседству, якое нельга разбурыць”, — гаворыцца ў пасланні.

Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, “выказаў надзею на добразычлівыя адносіны да беларусаў з латвійскага боку, палітычную сталасць, грамадзянскую пазіцыю і выбар на карысць хуткага пераадолення ўсіх існуючых супярэчнасцяў”.

“Шчыра жадаю латвійскаму народу свету, перспектыў і магчымасцей для ўмацавання дзяржаўнасці не коштам адносін са сваімі суседзямі”, — напісаў Лукашэнка.

У леташнім віншаванні ён “са шкадаваннем адзначыў, што ўсё больш жыхароў Латвіі адчуваюць, што іх палітыкі працуюць не на карысць людзей і пазіраюць на замежных дарадцаў”.

“Распальваючы абстаноўку, яны сцягнулі ў Прыбалтыку сілы і ўзбраенне, пабудавалі сцены, падштурхнулі вашу краіну да эканамічнай катастрофы. <…> Нас не падзеляць ні штучны плот з калючым дротам, ні злачынная барацьба часовых латвійскіх кіраўнікоў з дзяржаўнымі сімваламі, гісторыяй і помнікамі продкаў!” — напісаў тады Лукашэнка.

У тым пасланні ён пажадаў народу Латвіі “правільнага выбару”.

Латвія не прызнае Лукашэнку абраным прэзідэнтам і падтрымлівае санкцыйную палітыку Еўрапейскага саюза, сябрам якога з’яўляецца. Беларускія ўлады ўключылі Латвію ў спіс недружалюбных краін. У рэчышчы гэтай палітыкі віншаванне са святам Лукашэнка адрасуе толькі народу, не ўзгадваючы ўлады краіны.

У 2023 годзе на беларуска-латвійскай мяжы абвастрылася праблема нелегальнай міграцыі. З пачатку студзеня пагранслужба Латвіі зафіксавала 13,5 тыс. спроб незаконнага пранікнення грамадзян трэціх краін з тэрыторыі Беларусі.

У сувязі з крызісам 19 верасня Рыга закрыла пагранічны пераход Сілене (з беларускага боку Урбаны), пакінуўшы дзейным толькі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгараўшчына). У адказ Мінск увёў забарону на ўвоз шэрагу латвійскіх тавараў, у тым ліку калгот.

Падзяліцца: