Мінск 12:18

Ціханоўская прапанавала “кароткатэрміновае і доўгатэрміновае рашэнне” па пашпартах беларусаў — вымушаных эмігрантаў

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з дыпламатамі
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

30 лістапада, Позірк. “Кароткатэрміновае і доўгатэрміновае рашэнне” па пашпартах беларусаў — вымушаных эмігрантаў прапанавала Святлана Ціханоўская на сустрэчы з акрэдытаванымі ў Літве прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.

Мерапрыемства адбылося 29 лістапада ў Вільнюсе з удзелам дыпламатаў з 30 краін, у тым ліку 22 з 27 сябраў Еўрапейскага саюза, і асобна ЕС.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка, пад кароткатэрміновым рашэннем разумеецца прызнанне сапраўднымі пашпартоў са скончаным тэрмінам дзеяння, выдача пашпартоў замежнікаў і доўгатэрміновыя віды на жыхарства, а таксама адмена патрабавання прадастаўляць даведкі і іншыя дакументы, атрымаць якія можна толькі ў Беларусі.

“Доўгатэрміновым рашэннем з’яўляецца наш новы беларускі пашпарт (яшчэ адна назва — “пашпарт новай Беларусі”. — “Позірк”.), які пацвярджае грамадзянства беларусаў, а таксама можа быць выкарыстаны ў якасці падставы для атрымання юрыдычных дакументаў у краіне знаходжання”, — сказала Ціханоўская на сустрэчы з дыпламатамі.

Цяпер, паводле яе слоў, вырабляюцца ўзоры, вядуцца кансультацыі з Еўрапейскай камісіяй па пытаннях бяспекі. “Новы беларускі пашпарт будзе адпавядаць міжнародным нормам, і мы папросім ЕС правесці аўдыт усяго працэсу”, — заявіла Ціханоўская.

На яе думку, такі пашпарт стане таксама “важным інструментам умацавання нашай супольнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў”. “Мы звернемся да кожнага ўрада і папросім падтрымаць гэты праект”, — паведаміла дэмлідар.

Яна нагадала аб указе Аляксандра Лукашэнкі № 278 ад 4 верасня “Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў”, які пазбавіў замежныя ўстановы магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы. Гэта можна зрабіць толькі ў Беларусі.

“Некаторых затрымалі на мяжы, калі яны вярталіся, каб абнавіць дакумэнты, і цяпер яны знаходзяцца ў турмах. Патэнцыйна дзясяткі тысяч могуць застацца без законных дакументаў і пасведчанняў асобы”, — заявіла Ціханоўская.

Падзяліцца: