Мінск 04:24

МЗС Латвіі накіруе 35 тыс. еўра ў Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці

Будынак МЗС Латвіі з падсвятленнем на знак салідарнасці з беларускім народам (7 лютага 2021 года)
Фота: прэс-служба латвійскага знешнепалітычнага ведамства

23 снежня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Латвіі 22 снежня прыняло рашэнне накіраваць у Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі 35 тыс. еўра, якія будуць перададзены ў Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненню вінаватых да адказнасці.

На сайце латвійскага знешнепалітычнага ведамства паведамляецца, што гэта зроблена “на знак салідарнасці з палітвязнямі і членамі іх сем’яў у Беларусі”. Згаданая платформа абраная для падтрымкі з таго меркавання, што яна “займаецца зборам і захаваннем сведчанняў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама аказвае падтрымку ахвярам палітычных рэпрэсій”.

Міжнародную платформу, якая была сфармавана на пачатку 2021 года, узначальвае Дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity. У складзе платформы таксама брытанская няўрадавая арганізацыя Redress, праваабарончы цэнтр “Вясна” і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі (спецпраект праваабарончай арганізацыі “Прававая ініцыятыва”).

Ініцыятыва займаецца “зборам, апрацоўкай, верыфікацыяй і захаваннем доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі паводле міжнароднага права, меркавана здзейсненых у Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў наступны перыяд”. Гэта робіцца для “падтрымкі органаў па прыцягненню да адказнасці і забеспячэння доступу беларусаў і іншых пацярпелых да сродкаў прававой абароны і кампенсацыі шкоды”.

Платформу падтрымліваюць Вялікабрытанія, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, ЗША, Швейцарыя, а таксама ЕС у цэлым і асобна шэраг яго членаў — Аўстрыя, Бельгія, Германія, Данія, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Румынія, Славакія, Фінляндыя, Чэхія, Эстонія.

Падзяліцца: