Мінск 10:49

Лукашэнка даручыў разабрацца са скаргамі на кампанію “Дана Астра” сербскіх братоў Карычаў

Аляксандр Лукашэнка і Драгамір Карыч падчас сустрэчы ў снежні 2021 года
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

29 снежня, Позірк. Заслухоўваючы 29 снежня даклад старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з нагоды будаўніцтва жылля ў сталіцы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на “скаргі” на адрас кампаніі “Дана Астра” і даручыў “разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца”, паведамляе яго прэс-служба.

“Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — хай працуюць, як трэба. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі”, — сказаў Лукашэнка.

Зарэгістраваная ў Мінску будаўнічая кампанія Dana Holdins (“Дана Холдынгс/Дана Астра”) кантралюецца братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, сербскімі бізнесменамі. Багалюб Карыч у 2022 годзе трапіў у санкцыйны спіс ЕС.

Восенню 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне аб маёмасных сувязях Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.

17 снежня 2020 года Савет ЕС унёс кампанію ў санкцыйны спіс. Пазней яна трапіла пад санкцыі Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Албаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый.

У сакавіку 2023 года Dana Holdings/Dana Astra трапіла ў санкцыйны спіс Японіі.

28 чэрвеня Еўрапейскі суд у Люксембургу адмовіўся здымаць санкцыі з Dana Astra. Згодна з рашэннем, кампанія застанецца ў санкцыйным спісе як тая, што падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае выгады ад гэтага.

“Дана Холдынгс/Дана Астра” — адзін з асноўных дэвелапераў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя ўчасткі для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнес-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings/Dana Astra падтрымліваюць цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае ў кампаніі высокую пасаду. Такім чынам, Dana Holdings/Dana Astra здабывае выгаду з рэжыму [Лукашэнкі] і падтрымлівае яго”, — гаварылася ў заключэнні суда.

Падзяліцца: