Мінск 16:55

Белстат: Інфляцыя за 2023 год склала 5,8%

Фота: pixabay.com

10 студзеня, Позірк. На 0,9% выраслі спажывецкія цэны ў снежні 2023 года, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары падаражэлі на 1,5%, нехарчовыя — на 0,1%, паслугі — на 0,8%.

За студзень — снежань 2023 года спажывецкія цэны выраслі на 5,8%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,8%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,1%.

Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год прадугледжвалі інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Урад разлічваў утрымаць рост коштаў і тарыфаў у межах 6%.

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў 21 снежня ў Мінску на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што “ў цэлым па годзе інфляцыя ацэначна складзе 5,4–5,6%”.

Лукашэнка 2 кастрычніка зацвердзіў найважнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год. Згодна з указамі № 307 і 308, прырост ВУП павінен скласці 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%, намінальнага сярэднямесячнага заробку — да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — 1.634), інфляцыя — не больш за 6%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 6 млрд долараў.

Гл. таксама:

Урад дазволіў без узгаднення павышаць цэны на 0,3% у месяц

Падзяліцца: