Мінск 10:00

Камерцыйным арганізацыям прадастаўлена права факторынгу

12 лістапада, Позірк. Указ ад 11 лістапада № 416 “Аб дзейнасці па фінансаванні пад уступку грашовага патрабавання (факторынгу)” надаў камерцыйным арганізацыям права ажыццяўляць уступку грашовага патрабавання, што вывела факторынг за рамкі выключна банкаўскіх аперацый.

Як указана ў дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, “камерцыйныя арганізацыі маюць права заключаць дагаворы фінансавання пад саступку грашовага патрабавання (дагаворы факторынгу), па якіх імі ў сукупнасці крэдытору (крэдыторам) прадастаўляецца фінансаванне ў суме, якая перавышае 3 тыс. базавых велічынь, і на момант саступкі патрабаванняў пратэрміноўка выканання грашовых абавязацельстваў даўжніка перад першапачатковым крэдыторам складае не больш за 180 дзён, пры ўмове ўключэння у рэестр факторынгавых арганізацый”.

Нацыянальнаму банку і Савету міністраў у шасцімесячны тэрмін даручана “забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі”.

Як паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, дакумент прыняты ў “развіццё змяненняў грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства”.

За Нацбанкам замацавана функцыя рэгулятара нябанкаўскага факторынгу і ўстанаўленне абавязковых патрабаванняў да факторынгавых арганізацый, такіх як уключэнне іх у адпаведны рэестр, патрабаванні да мінімальнага памеру статутнага фонду, дзелавой рэпутацыі кіраўніка, заснавальнікаў, фарміравання справаздачнасці, раскрыцця інфармацыі і іншае.

На думку распрацоўшчыкаў дакумента, яго нормы накіраваны на “фарміраванне цэласнай сістэмы рэгулявання дзейнасці па факторынгу ў Беларусі і развіццё даступных інструментаў фінансавання рэальнага сектара эканомікі”.

Факторынг — гэта комплекс паслуг для кампаній, якія прадаюць тавары і паслугі на ўмовах адтэрміноўкі плацяжу. З яго дапамогай пастаўшчык атрымлівае фінансаванне, саступаючы факторынгавай кампаніі права патрабаваць плату за пастаўлены тавар/паслугу ад пакупніка.

Падзяліцца: