Мінск 14:55

Расійскаму блогеру Кацу ў Берліне ўручаны сімвалічны “пашпарт свабоднай дэмакратычнай Беларусі”

Момант уручэння "пашпарта" Максіму Кацу
Фота: "Позірк"

22 кастрычніка, Позірк. Расійскі апазіцыйны палітык і вядомы ютуб-блогер Максім Кац на творчай сустрэчы ў Берліне 21 верасня атрымаў сімвалічны “пашпарт грамадзяніна свабоднай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь”.

“Пашпарт” з’яўляецца праектам актывіста беларускай дыяспары ў Германіі Тараса Сякеркі. “Гэта творчы праект, які я арганізаваў у лістападзе 2020 года, калі распачала працу альтэрнатыўная амбасада свабоднай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Германіі. У Максіма Каца пашпарт пад нумарам 319”, — паведаміў ён “Позірку”.

Ідэя праекта, паводле слоў Сякеркі, заключаецца ў тым, што “кожны чалавек на Зямлі незалежна ад веравызнання і колеру скуры, калі ён не падтрымлівае дыктатуру Лукашэнкі”, мае права “атрымаць пашпарт і стаць грамадзянінам свабоднай дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь”.

“Я выдаваў пашпарты бясплатна, калі нехта хацеў зрабіць данат — рабіў гэта. Галоўная ідэя пашпарта — паказаць, што большасць людзей не падтрымлівае дыктатуру”, — патлумачыў актывіст.

Акрамя Каца гэтыя “пашпарты” маюць беларускі дэмакратычны лідара Святлана Ціханоўская, суаўтар медыяпраекта Nexta Сцяпан Пуціла, беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, спявачка Вераніка Круглова, пісьменнік Саша Філіпенка ды інш.

У адрозненне ад “пашпарта новай Беларусі”, прапанаванага дэмсіламі ў якасці альтэрнатыўнага праязнога дакумента і пасведчання асобы, гэты праект на такі статус не прэтэндуе.

Экс-дэпутат муніцыпальнага ўтварэння аднаго з раёнаў Масквы (2012–2016 гады) ад партыі “Яблоко” (“Яблык”) Максім Кац, на ютуб-канал якога падпісана 1,94 млн карыстальнікаў, актыўна асвятляў падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе. Пераехаў у Ізраіль пасля нападу РФ на Украіну ў 2022 годзе. У жніўні 2023-га быў завочна асуджаны на 8 гадоў зняволення за “распаўсюд фэйкаў” пра дзеянні расійскага войска.

“Амбасада свабоднай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Германіі” ўяўляе сабой вагончык — інфармацыйны цэнтр у берлінскім Трэптаў-парку, праз дарогу ад будынка афіцыйнай беларускай амбасады.

Падзяліцца: