Мінск 10:23

МЗС Украіны: Крэмль будзе выкарыстоўваць кожнага расійскага і беларускага спартсмена ў якасці зброі сваёй прапаганды

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба
Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

10 снежня, Позірк. “Няма сумненняў у тым, што Крэмль будзе выкарыстоўваць кожнага расійскага і беларускага спартсмена ў якасці зброі ў сваёй прапагандысцкай вайне”, — гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны, апублікаванай на сайце ўстановы ў сувязі з допускам на Алімпіяду 2024 года атлетаў РФ і Беларусі.

Украінскі МЗС назваў “памылковым” адпаведнае рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).

Сцвярджаецца, што ўкраінскі бок “даводзіў да МАК рызыкі такога рашэння”, бо “беларускія і асабліва расійскія спартсмены даволі часта прадстаўляюць спартыўныя арганізацыі, звязаныя з узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі”.

“Частка з іх знаходзіцца на дзеючай расійскай вайсковай службе, частка з іх носіць на спартыўнай форме сімвалы ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны. МАК плануе выпусціць на міжнародныя спартыўныя арэны спартсменаў, якія не толькі сімпатызуюць забойствам украінскіх жанчын і дзяцей, але і, верагодна, прымаюць непасрэдны ўдзел у гэтых страшных злачынствах”, — падкрэсліваецца ў заяве.

На думку ведамства, “Масква не будзе падымаць белых нейтральных сцягоў на спаборніцтвах, як гэта ўяўляе МАК, а будзе дэманстраваць трыумф здольнасці пазбегнуць адказнасці за развязванне найбуйнейшага ўзброенага канфлікту ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны”.

МЗС Украіны ўсклаў на МАК адказнасць “за заахвочванне Расіі і Беларусі да працягу ўзброенай агрэсіі супраць Украіны”.

8 снежня МАК дазволіў удзельнічаць у АГ-2024 беларускім і расійскім спартсменам у нейтральным статусе. У той жа час, згодна з дакументам, чыноўнікі і дзяржаўныя служачыя абедзвюх краін не будуць запрошаны або акрэдытаваны на Алімпіяду, роўна як і “каманды спартсменаў з беларускім або расійскім пашпартам”. Пад забаронай застаюцца гімн, сцяг, адпаведная каляровая гама і любыя іншыя сімвалы Беларусі і РФ.

Пры гэтым МАК падкрэсліў, што да ўдзелу ў АГ-2024 не будуць дапушчаны “спартсмены і дапаможны персанал”, якія “актыўна падтрымліваюць” вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расійскімі або беларускімі ваеннымі арганізацыямі або органамі нацыянальнай бяспекі.

Індывідуальныя спартсмены ў нейтральным статусе будуць запрошаны МАК і міжнароднымі федэрацыямі па адпаведных відах спорту. Адзначаецца, што “сярод 4.600 спартсменаў з усяго свету, якія прайшлі кваліфікацыю на Парыж-2024, ёсць толькі 11 індывідуальных нейтральных спартсменаў (8 з расійскім і 3 з беларускім пашпартам)”.

Украіна раскрытыкавала рашэнне МАК. “Амаль год з краінамі-партнёрамі мы змагаліся на дыпламатычным фронце, каб гэтае рашэнне не было прынятае. Нягледзячы на ўсе прыкладзеныя намаганні, нягледзячы на шматлікія ахвяры сярод ваенных і грамадзянскага насельніцтва, знішчэнне інфраструктуры і акупаваныя тэрыторыі, наш голас не быў пачуты”, — заявіў прэзідэнт НАК Украіны Вадзім Гутцайт.

Паводле яго слоў, барацьба будзе працягнута. “Мы будзем уважліва сачыць за выкананнем “умоў нейтральнасці” расійскіх і беларускіх атлетаў, апавяшчаць МАК і міжнародныя спартыўныя федэрацыі аб любых парушэннях і злоўжыванні гэтым статусам”, — падкрэсліў Гутцайт.

15 снежня 2022 года на нарадзе аб развіцці спорту Аляксандр Лукашэнка заявіў, што санкцыі ўплываюць “толькі ў лепшы бок”. “Ціск на спартсмена — ён паказвае найлепшы вынік, калі ў яго ёсць характар… Тое, што без сімволікі — без сцяга, без гімна і іншага, — гэта дрэнна. Але гэта не катастрофа. У сапраўднага спартсмена — не тых, якія ў вас беглі [за мяжу], і няхай бягуць туды, яны як тут беглі, так і там бягуць — з сэрца сцяг і гімн не вырвеш. Яно ў сэрцы павінна быць, калі гэта сапраўдны спартовец”, — сказаў ён.

Гл. таксама:

Алімпійскі камітэт Літвы расчараваны рашэннем МАК дапусціць беларускіх спартсменаў на Алімпіяду-2024

Падзяліцца: