Мінск 02:27

Качанава: Вось колькі зараз ужо затрымалі тэрарыстаў!

Фота: sb.by

20 лютага, Позірк. На бягучых выбарах знешнія сілы “будуць спрабаваць [Беларусь] на зуб і потым выбудоўваць сваю тактыку на 2025 год”, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 20 лютага ў Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі сталічных устаноў аховы здароўя.

На яе думку, выбары — “гэта заўсёды трыгеры”.

“Будуць спрабаваць і зараз. Нават не сумнявайцеся. Вось колькі зараз ужо затрымалі тэрарыстаў!.. Якія сюды везлі і траціл, і ўсё астатняе — вы ведаеце. Гэта толькі тое, што паказваюць, — гэта верхавіна айсберга таго, што мы бачым”, — сказала яна.

“Колькі ідзе правакацый на адрас нашай краіны!.. І, як гаворыць прэзідэнт, мы павінны прайсці гэты перыяд, як па тонкім лёдзе. <…> Крыху трэсне — і правалімся ўсё: ні краіны, ні людзей, нічога не будзе”, — заявіла Качанава.

“Тое, што сёння складаецца на знешнім контуры нашай краіны і тое, што мы бачым, сёння вельмі папахвае трэцяй сусветнай вайной. Гэта не проста прыдумкі нейкія, гэта сапраўды так”, — дадала спікер.

Паводле яе сцвярджэння, Захадам распаўсюджваецца “бруд і хлусня, якая — поўны паклёп на нашу краіну”.

Жыхары “Прыбалтыкі і Польшчы” з Беларусі “вывозяць сумкамі прадукты харчавання, лекавыя прэпараты і ўсё астатняе” і “потым гавораць аб тым, як шчасна жыве народ, што тут нікога не раздзіраюць і дыктатуры тут няма”, сказала кіраўнік верхняй палаты.

“Такой улады, як у Беларусі, няма нідзе — яна абсалютна народная”, — заявіла Качанава і назвала сябе пацверджаннем гэтай тэзы: “Я звычайны чалавек з простай працоўнай сям’і — сёння старшыня Савета Рэспублікі. Я б у жыцці не падумала, што я дасягну такіх вынікаў сваёй дзейнасці”.

У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары — адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) запрашэння не атрымала.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

У якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. 20 лютага пачалося датэрміновае галасаванне.

У 2025 годзе прайшлі прэзідэнцкія выбары.

(Выкарыстаны відэаматэрыялы прэс-службы Савета Рэспублікі).

Падзяліцца: