Мінск 08:25

Дзяржпагранкамітэт заявіў аб гібелі яшчэ двух мігрантаў на мяжы з Латвіяй

24 кастрычніка, Позірк. На мяжы Беларусі з Латвіяй паблізу латвійскіх загарод 23 кастрычніка знойдзены целы жанчыны і мужчыны, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (ДПК).

Паводле даных ведамства, з пачатку 2023 года на мяжы з Латвіяй загінулі 10 замежнікаў пасля таго, як “сумежны бок цынічна пакінуў збітых людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, на волю лёсу”.

Усяго з пачатку года беларускія пагранічнікі заявілі аб выяўленні цел не менш як 20 чалавек на граніцах з краінамі ЕС.

ДПК адзначае, што былі выпадкі, “калі бежанцаў сілком дастаўлялі да загароды на мяжы і пад пагрозай фізічнай расправы прымушалі пераносіць трупы на тэрыторыю Беларусі”.

Прэс-служба Следчага камітэта (СК) паведаміла, што на месцы здарэння следча-аператыўная група правяла агляд. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаны судова-медыцынскія экспертызы.

Правядзенне праверкі па гэтым інцыдэнце даручана Верхнядзвінскаму раённаму аддзелу СК.

За папярэдні дзень, 23 кастрычніка, краіны ЕС не дазволілі нелегальна пракрасціся 134 мігрантам з тэрыторыі Беларусі (суткамі раней — 276).

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 20 спроб незаконнага перасячэння граніцы з беларускага боку (17).

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года.

Падзяліцца: