Мінск 22:31

Фігурант памежнага скандалу Смактуновіч “неаднаразова перасякаў беларускую мяжу” — ДПК

Фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

12 чэрвеня, Позірк. У дэпартаванага з Польшчы 12 чэрвеня беларускага грамадзяніна (імя ДПК не называецца) “адсутнічаюць праблемы з беларускім заканадаўствам”, раней ён “неаднаразова перасякаў беларускую мяжу”, гаворыцца ў апублікаванай заяве Дзяржпагранкамітэта.

У ДПК таксама паведамілі, што”беларускі бок аказвае грамадзяніну неабходную дапамогу, бо польскія прадстаўнікі ўлады выправадзілі мужчыну без сродкаў да існавання”.

Пры гэтым жонка Дзмітрыя Смактуновіча, гаворка пра які ідзе ў інфармацыі ДПК, заявіла парталу “Зеркало”, што яе муж “катэгарычна супраць дзеючай улады, супраць вайны ва Украіне, ніколі не хаваў сваёй пазіцыі і актыўна пісаў пра гэта ва ўсіх сацсетках”.

“Медыязона” паведаміла, што Смактуновіч перайшоў на беларускі бок і сеў у аўтобус да Мінска.

Незадоўга да з’яўлення гэтай інфармацыі стала вядома, што кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка знаходзіўся ў кантакце з кіраўніцтвам Надбужанскага аддзела памежнай службы Польшчы.

“Па рэкамендацыі польскага адваката, польскім уладам перададзена просьба даць права грамадзяніну Беларусі абскардзіць рашэнне аб выправаджэнні і падаць просьбу аб прадастаўленні міжнароднай абароны”, — паведаміла прэс-служба палітыка.

Пазней у тэлеграм-канале палітыка з’явілася ўдакладненне: “Паводле інфармацыі, прадстаўленай Надбужанскім аддзелам памежнай службы Польшчы, адной з галоўных прычын выправаджэння грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Смактуновіча з тэрыторыі Польшчы з’яўлялася яго супрацьзаконная дзейнасць, звязаная з садзейнічаннем у нелегальным перасячэнні беларуска-польскай мяжы мігрантамі”.

У той жа час, са слоў жонкі, Смактуновіча “затрымлівалі за гэта яшчэ ў красавіку 2023 года, тады ён супрацоўнічаў са следствам, дзякуючы ягоным дзеянням удалося выйсці на іншых удзельнікаў канала перавозкі, судзімасць пагашаная”.

Аб дэпартацыі Дзмітрыя Смактуновіча, якога ў Беластоку спынілі паліцэйскія для праверкі дакументаў, а затым адвезлі на мяжу з Беларуссю, стала вядома раніцай 11 чэрвеня, амаль суткі ён правёў на мосце праз Буг.

Паводле першапачатковай інфармацыі, 12 чэрвеня польскія памежнікі перакрылі ўезд у краіну, і рух паміж пунктамі пропуску на некалькі гадзін прыпыніўся. Каля 11 гадзін 12 чэрвеня мужчына вырашыў пайсці ў Беларусь.

Паводле інфармацыі выдання MOST, прычынай дэпартацыі стала тое, што ў беларуса быў ануляваны літоўскі ВНЖ.

Пры гэтым памежная служба Польшчы зняпраўджвае факт дэпартацыі.

“Грамадзянін Беларусі, які хацеў перасекчы мяжу пешшу, быў адпраўлены назад, бо ў пераходзе Цярэспаль дазволена перасякаць мяжу толькі на аўтамабілях, там не прапускаюць пешаходаў. Гэты чалавек прыйшоў пешшу з тэрыторыі Беларусі, яго разгарнулі яшчэ на мосце праз Буг, перад уваходам на тэрыторыю памежнага пераходу. Ён нават не паспеў дайсці да тэрміналаў і быў затрыманы на лініі дзяржаўнай мяжы. Ужо знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ён выйшаў за агароджу моста і спрабаваў саскочыць у раку. Пасля перамоваў з беларускімі службамі мужчына вярнуўся на дарогу і сышоў на тэрыторыю Беларусі”, — заявіў парталу “Зеркало” прэс-сакратар Надбужанскага аддзела памежнай службы Дарыюш Сеніцкі.

На запыт “Позірку” з просьбай пракаментаваць інцыдэнт прэс-служба Памежнай аховы Польшчы на гэты момант не адказала.

Падзяліцца: