Мінск 23:08

МЗС: Беларусь будзе выкарыстоўваць права на самаабарону і адказваць на правакацыі ці варожыя дзеянні

10 жніўня, Позірк. Парушэнне мяжы 9 жніўня групай “запушчаных з тэрыторыі Украіны ўдарных беспілотных лятучых апаратаў”, якая “была збітая сіламі СПА”, — гэта “вельмі сур’ёзны інцыдэнт, які не застанецца без належнай міжнародна-прававой і субстантыўнай ацэнкі”, гаворыцца ў каментарыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Гэтыя “злачынныя дзеянні”, адзначыла знешнепалітычнае ведамства, “радыкальна эскалююць сітуацыю і ўяўляюць сабой небяспечную спробу расшыць зону наяўнага ў <…> рэгіёне канфлікту”.

“Пры гэтым далучыць спрабуюць Беларусь, якая нязменна выступае за ўрэгуляванне крызісу і спыненне кровапраліцця, — заяўлена ў каментарыі. — Такія крокі робяцца украінскім кіраўніцтвам пры відавочным папушчальніцтве або нават падбухторванні вядомых знешніх гульцоў. Рашуча заклікаем гэтыя бакі перадумаць і спыніцца”.

Звяртаючыся да “народаў суседняй Еўропы”, МЗС папярэдзіла, што “ў выпадку пашырэння канфлікту пажар ахопіць увесь рэгіён і перакінецца ў тым ліку на краіны ЕС” — “пераможцаў не будзе” — і заклікаў “астудзіць сваіх ваяўнічых палітыкаў”.

“У сувязі з небяспекай сітуацыі і глабальнымі рызыкамі МЗС Беларусі неадкладна давядзе падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт да профільных структур ААН і АБСЕ, а таксама да членаў міжнародных арганізацый і аб’яднанняў, удзельнікам якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, — паведаміла ведамства. — Намі таксама будуць ініцыяваныя адпаведныя кансультацыі са сваімі саюзнікамі і партнёрамі, а таксама па лініі міжнародных структур”.

“Зразумела, Беларусь будзе ў поўнай меры выкарыстоўваць сваё права на самаабарону і належным чынам адказваць на любыя правакацыі або варожыя дзеянні”, — гаворыцца ў каментарыі.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Украіны ў нібыта парушэнні паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі і заявіў, што беларускія войскі збілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказанне Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў “на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі”.

Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасць сітуацыяй у гэтым расійскім рэгіёне і салідарызавалася з яго жыхарамі, а таксама асудзіла Украіну за “бессэнсоўную авантуру”.

Адметна, што ў сітуацыі, якая склалася ў Курскай вобласці, расійская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраванні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзення аперацыі ў РФ.

Падзяліцца: