Мінск 09:14

МЗС Беларусі прыгразіла Украіне “крокамі ў адказ для абароны тэрыторыі” і закрыццём амбасады

Архіўнае фота: сэрвіс "Яндэкс.Мапы"

10 жніўня, Позірк. Часовай паверанай у справах Украіны Вользе Цімуш уручана нота з “рашучым пратэстам” у сувязі з “парушэннем мяжы” Беларусі “групай беспілотных лятучых апаратаў, запушчаных з тэрыторыі Украіны”, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Мінск запатрабаваў “прыняць вычарпальныя меры для выключэння ў будучым такіх інцыдэнтаў, якія могуць прывесці да далейшай эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне”.

Цімуш папярэджаная, што “ў выпадку паўтарэння такіх правакацый беларускі бок пакідае за сабой права зрабіць крокі ў адказ для абароны сваёй тэрыторыі”.

“Асабліва было ўказана на тое, што калі дыпламатычнае прадстаўніцтва Украіны ў Беларусі не зможа ўплываць на прадухіленне такіх правакацый, беларускім бокам будзе пастаўлена пытанне пра мэтазгоднасць яго далейшай прысутнасці ў Мінску”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней МЗС заявіў, што Мінск “неадкладна давядзе падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт да профільных структур ААН і АБСЕ, а таксама да членаў міжнародных арганізацый і аб’яднанняў”, у якіх удзельнічае Беларусь, ініцыюе “адпаведныя кансультацыі са сваімі саюзнікамі і партнёрамі, а таксама па лініі міжнародных структур”.

“Зразумела, Беларусь будзе ў поўнай меры выкарыстоўваць сваё права на самаабарону і належным чынам адказваць на любыя правакацыі або варожыя дзеянні”, — заявіла знешнепалітычнае ведамства.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Украіны ў нібыта парушэнні паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі і заявіў, што беларускія войскі збілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказанне Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў “на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі”.

Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасць сітуацыяй у гэтым расійскім рэгіёне і салідарызавалася з яго жыхарамі, а таксама асудзіла Украіну за “бессэнсоўную авантуру”.

Адметна, што ў сітуацыі, якая склалася ў Курскай вобласці, расійская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраванні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзення аперацыі ў РФ.

Падзяліцца: