Мінск 10:15

Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі ненавідзіць моцных людзей за іх веру ў вольную Беларусь

Фота: hramada.org

12 жніўня, Позірк. Беларускі рэжым “люта ненавідзіць моцных людзей за іх пачуццё годнасці і самапавагі”, “за іх мужнасць, адданасць ідэі і смагу свабоды”, “за іх веру ў вольную Беларусь”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале з нагоды дня нараджэння Мікалая Статкевіча, якому 12 жніўня споўнілася 68 гадоў.

Палітык падкрэсліла, што Статкевіч і яшчэ пяць палітвязняў “другі год” знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, ад іх няма ніякіх вестак.

Статкевіч, паводле слоў Ціханоўскай, “не атрымлівае лістоў са словамі любові і падтрымкі нават ад сям’і”.

“Гэта вострае адчуванне таго, як не хапае блізкіх побач, у такія дні становіцца яшчэ больш балючым і адчувальным. Упэўненая: нашы думкі і падтрымку Мікалай адчувае нават за кратамі, таму што ён заўсёды верыў у салідарнасць і адзінства. Ён ведае, што ад гэтых якасцяў беларусы не адмовяцца нават у самыя складаныя часы”, — адзначыла дэмлідар.

Яна пажадала, каб “наступныя дні нараджэння” ўсе беларускія палітвязні “сустракалі на волі, разам з роднымі і блізкімі”.

“І толькі нашымі агульнымі намаганнямі мы можам ажыццявіць гэтае пажаданне”, — удакладніла Ціханоўская.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” (не зарэгістраваная) Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года ў Мінску. 14 снежня 2021-га суд прыгаварыў яго да 14 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў).

31 траўня 2022 года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. 20 чэрвеня таго ж года Статкевіч быў пераведзены з гомельскага следчага ізалятара № 3 у папраўчую калонію № 13, адміністрацыя якой паставіла яго на ўлік як “схільнага да экстрэмізму”, у жніўні змясціла на паўгода ў адзіночную камеру, у верасні — у штрафны ізалятар.

Унесены ў “пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

28 ліпеня 2023 года крыніца, блізкая да сям’і Статкевіча, паведаміла Позірку, што стан яго здароўя ў калоніі пагоршыўся.

9 студзеня гэтага года ByPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што ўлады маюць намер судзіць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

19 сакавіка памёр бацька Мікалая Статкевіча.

Падзяліцца: