Мінск 17:31

Базавая інфляцыя ўсё лета заставалася на адным узроўні — Нацбанк

11 жніўня, Позірк. Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у жніўні 2026 года склала 4,8% (тут і далей у гадавым выражэнні), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.

У ліпені і чэрвені базавая інфляцыя таксама была 4,8%. Такім чынам, усё мінулае лета паказчык захоўваўся на адным узроўні.

Цэны на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у мінулым месяцы знізіліся на 10,1% (у ліпені -10,8%, чэрвені -11,5%).

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы выраслі да 6,5% (+6,5% і +6,6% адпаведна).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) павялічыўся на 4% (+4% і +4,1%).

Раней паведамлялася, што спажывецкія цэны ў жніўні 2026 года знізіліся на 0,1%. Харчовыя тавары за месяц патаннелі на 0,8%, нехарчовыя — падаражэлі на 0,5%, паслугі — на 0,3%.

У параўнанні са снежнем 2025-га рост цэн склаў 3,1%. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 0,7%, нехарчовыя — на 2,8%, паслугі — на 7,6%.

У гадавым вымярэнні (да жніўня 2025-га) цэны сталі вышэйшыя на 4,5%: на харчовыя тавары — на 3,1%, нехарчовыя — на 3,2%, паслугі — на 8,7%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта — планавых) параметраў развіцця краіны на мінулы год, паказчык не павінен быў перавысіць 5%.

На бягучы год інфляцыя запланавана на ўзроўні да 7%.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 30 снежня 2025 года № 84.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%), красавіку — 3,1% (+2,5%), траўні — 3,4% (+2,6%), чэрвені — 3,8% (+2,9%), ліпені — 4% (+3,2%), жніўні — 4,2% (+3,1%).

Далей: верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Змены ў сістэму рэгулявання ўрад унёс 10 ліпеня. Пералік тавараў, якія падлягаюць яму, скарочаны з 199 да 76 пазіцый (у 2,6 раза).

Стрымліванне цэн і інфляцыі “ў запланаваным калідоры“ застаецца за ўрадам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня. Парушэнні дысцыпліны цэнаўтварэння, паводле яго слоў, “дапускаюцца паўсюдна, нават справы крымінальныя распачыналі“.

Праз 10 дзён Саўмін адсправаздачыўся аб тым, што МАРГ папярэдзіла гандлёвыя сеткі і імпарцёраў аб магчымым аднаўленні цэнавага рэгулявання “пры з’яўленні прыкмет неабгрунтаванага росту цэн або ўзмацненні ціску знешніх фактараў“.

Пра “ўстойлівасць запаволення інфляцыйных працэсаў” гаворыцца ў квартальным аглядзе Нацбанка, апублікаваным 3 жніўня.

Падзяліцца: