Ціханоўская абмеркавала падтрымку беларускай мовы з аўтарамі даклада пра сувязь культуры з дэмакратызацыяй Беларусі, які рыхтуе ПАСЕ (абноўлена)

11 верасня, Позірк. Падтрымку беларускай мовы абмеркавала з прадстаўніцамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, паведаміла 10 верасня прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).
У сустрэчы, якая адбылася ў Варшаве, узялі ўдзел кіраўніца сакратарыята Камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ Таццяна Тэрмачыч, а таксама другі намеснік старшыні гэтага камітэта Агнешка Памаска.
Размова адбылася ў рамках падрыхтоўкі даклада “Разгляд культуры як асновы дэмакратызацыі Беларусі”, дакладчыцай прызначаная Памаска. Мэта стварэння гэтага дакумента палягае ў тым, каб “прыцягнуць увагу краін Савета Еўропы да стану беларускай культуры і выпрацаваць рэкамендацыі адносна яе падтрымкі, у тым ліку развіцця культуры ўнутры Беларусі”.
Як адзначана, у дакладзе плануецца разгледзець ролю культуры ў дэмакратычным грамадстве; русіфікацыю і ўплыў расійскай прапаганды; становішча і ролю беларускай мовы; рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры і палітвязняў, стан беларускай культуры ў выгнанні; транснацыянальныя рэпрэсіі ў гэтай сферы; культурніцкія ініцыятывы, якія беларусы стварылі пасля 2020 года за мяжой. Асобная ўвага будзе нададзеная беларусам у Польшчы і “сувязям паміж гістарычнай беларускай меншасцю і новай дыяспарай”.
Аўтары даклада таксама маюць намер сустрэцца з “беларускімі культурніцкімі арганізацыямі і дзеячамі розных кірункаў”.
Паводле інфармацыі прэс-службы дэмлідара, Ціханоўская падзякавала ПАСЕ за тое, што тэма беларускай культуры стала асобным напрамкам працы асамблеі і адзначыла, што “ва ўмовах русіфікацыі і рэпрэсій падтрымка беларускай культуры і мовы — гэта не толькі пытанне захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, але і важная ўмова будучых дэмакратычных пераменаў”.
“Рэжым разумее, што беларуская культура і мова ўмацоўваюць нашу нацыянальную ідэнтычнасць, таму мэтанакіравана іх знішчае, — сказала палітык. — Незалежныя культурныя арганізацыі ліквідаваныя, творцы трапляюць пад рэпрэсіі, беларуская мова выціскаецца з адукацыі. Таму падтрымка беларускай культуры — гэта таксама падтрымка незалежнай і дэмакратычнай Беларусі”.
17 сакавіка 2026 года Памаска разам з 30 іншымі членамі ПАСЕ ўнесла прапанову аб рэзалюцыі “Разгляд культуры як асновы дэмакратызацыі Беларусі”, у аснове якой тэза пра тое, што культура, мова і нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляюцца важнымі асновамі дэмакратычнай устойлівасці Беларусі. Прапанова была перададзеная згаданаму камітэту, распачалася падрыхтоўка даклада з аднайменнай працоўнай назвай.
Згодна з тэкстам прапановы, “мастацтва і культура спрыяюць плюралізму, крытычнаму мысленню і грамадскай рэфлексіі, умацоўваючы тым самым супраціўленне аўтарытарызму”. Але рэжым Аляксандра Лукашэнкі “ставіць гэтыя прынцыпы пад пагрозу праз выцісканне беларускай мовы са сферы адукацыі, ліквідацыю незалежных культурных інстытутаў і арганізацый, крыміналізацыю культурнай дзейнасці і самавыяўлення, мілітарызацыю і ідэалагічны кантроль сістэмы адукацыі, маніпуляванне гістарычнымі наратывамі і іх цэнтралізацыю, а таксама праз знішчэнне, запусценне і пераасэнсаванне культурнай спадчыны”.
Дэмакратычныя сілы Беларусі, адзначаецца ў тэксце, граюць актыўную ролю ў адраджэнні беларускай мовы і культуры як асновы будучай дэмакратычнай Беларусі. Абарона і далейшае развіццё беларускай культурнай ідэнтычнасці ў выніку “будуць спрыяць падвышэнню дэмакратычнай устойлівасці і рэгіянальнай бяспекі, падтрымліваючы ўмацаванне еўрапейскай ідэнтычнасці Беларусі”.
2 чэрвеня Ціханоўская, дыстанцыйна выступаючы на адкрыцці Форума Касцюшкі ў Гданьску (Польшча), які сёлета праходзіў пад дэвізам “Культура як сіла дэмакратыі”, заявіла, што падтрымка беларускай культуры, культурных сувязяў і нацыянальнай ідэнтычнасці зараз мае вялікае значэнне з шэрагу прычын.
“Па-першае, культура служыць мостам паміж беларусамі па абодва бакі мяжы. Калі сотні тысяч людзей апынуліся ў выгнанні, менавіта праз мову, літаратуру, музыку, тэатр і агульную памяць мы захоўваем сувязь адзін з адным, — сказала яна. — Па-другое, нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляецца найважнейшым інструментам супраціву “рускаму свету”. Не выпадкова Расія праводзіць гвалтоўную русіфікацыю як у Беларусі, так і на акупаваных тэрыторыях Украіны. Па-трэцяе, культура з’яўляецца таксама элементам бяспекі. Моцная нацыянальная ідэнтычнасць робіць грамадства больш трывалым да прапаганды і спробаў знешняга кантролю”.
“І, нарэшце, культура з’яўляецца тым, што звязвае нас з Еўропай. Беларусь гістарычна была часткай еўрапейскай культурнай прасторы і агульнаеўрапейскай спадчыны. Падтрымліваючы культуру, мы ўмацоўваем еўрапейскую ідэнтычнасць беларускага грамадства”, — дадала дэмлідар.
Раней АПК адзначаў, что беларуская мова фармальна застаецца адной з дзяржаўных, але ўжо ўнесеная ў атлас моў ЮНЕСКО, якім пагражае знікненне. Паводле слоў прадстаўніка АПК па нацыянальным адраджэнні Паўла Баркоўскага, “пры захаванні цяперашніх тэндэнцый праз адно-два пакаленні яна можа застацца толькі ў невялікіх супольнасцях, а на дзяржаўным узроўні — знікнуць”.
Абнаўленне.
З Тэрмачыч і Памаскай таксама сустрэўся намеснік кіраўніка АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Палітык ахарактарызаваў сітуацыю ў беларускай культуры як драматычную, ўзгадаў транснацыянальныя рэпрэсіі супраць яе дзеячаў за мяжой.
“На працягу дзесяцігоддзяў [Аляксандр] Лукашэнка змагаўся з беларускай культурай, але цяпер гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы, — цытуе яго прэс-служба АПК. — Культура сёння з’яўляецца адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Таксама яна з’яўляецца асноўнай арэнай гібрыднай вайны Расіі”.
Экс-дыпламат таксама прапанаваў стварыць Еўрапейскі фонд беларускай культуры, каб “заснаваць праграмы інстытуцыйнай і фінансавай падтрымкі незалежных беларускіх культурных устаноў і ініцыятыў”.

- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ жніўні 2026 года найбольш падаражэлі маторная аліва, авіяквіткі і кветкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства10 верасня ў Беларусі абнавіўся тэмпературны рэкорд дня, які трымаўся 94 гады (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9–10 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства


