Мінск 18:27

Суд па справе Imaguru пачнецца 2 верасня

Будынак Imaguru на вул. Фабрыцыуса ў Мінску
Архіўнае фота: realt.by

21 жніўня, Позірк. Разгляд крымінальнай справы кіраўнікоў стартап-хаба Imaguru прызначаны на 2 верасня ў Мінскім гарадскім судзе, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Справу Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай і Яўгена Пугача будзе весці суддзя Любоў Сімахіна. Іх абвінавачваюць у агульнай складанасці па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Сузаснавальніц Imaguru Марыніч і Хамянкову будуць судзіць завочна. Над Пугачам, дырэктарам арганізацыі у 2018—2020 гадах, працэс пройдзе ў звычайным парадку. Ён знаходзіцца пад вартай з ліпеня 2023 года, аднак ягонае імя раней не называлася. Следчы камітэт, паведамляючы аб завяршэнні расследавання справы, згадвалі толькі пасаду Пугача і месца яго жыхарства (Смалявічы).

СК сцвярджаў, што Марыніч і Хамянкова “стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем”. Размова аб прызнанай такім групе грамадзян з ліку супрацоўнікаў Startup Hub Imaguru. Арганізацыя нібыта размяшчала “экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў сталіцы ў жніўні 2020 года” (так улады называюць масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў).

Пугачу прад’яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 243 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (расшыфроўка ў даведцы ніжэй). Таксама ён нібыта “размяшчаў на асабістых старонках у сацыяльных сетках” заклікі да забастовак.

Марыніч і Хамянковай прад’яўленыя абвінавачанні па ч. 2 арт. 243, ч. 1 арт. 357, ч. 2, 3 арт. 3611, ч. 3 арт. 130; ч. 3 арт. 361, ч. 2 арт. 3612, ч. 2 арт. 3613, ч. 2 арт. 3614, арт. 3691, ч. 2 арт. 424.

На маёмасць абвінавачаных, у тым ліку дамы і зямельныя ўчасткі, накладзены арышт на агульную суму 676 тыс. рублёў.

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Марыніч і Хамянковай 2 траўня.

КДБ прызнаў Startup Hub “Imaguru “экстрэмісцкім фармаваннем” у жніўні 2023 года. Яго ўдзельнікамі былі названыя Марыніч, Хамянкова, а таксама Андрэй Новак і Кацярына Болтан-Сміт.

У траўні 2021 года галоўны офіс Imaguru пераехаў у Мадрыд пасля таго, як быў пазбаўлены памяшкання ў Мінску. На сёння пазіцыянуе сябе як пан’еўрапейскі стартап-хаб з цэнтрамі ў сталіцы Іспаніі, а таксама ў Вільнюсе і Варшаве, дзе таксама адкрытыя яго пляцоўкі.

Марыніч у кастрычніку 2022 года ў інтэрв’ю “Позірку” адзначыла, што Imaguru працуе з беларускімі стартапамі і ІТ-кампаніямі, якія пасля 2020 года пераехалі і працягваюць пераязджаць у Польшчу, Літву і іншыя краіны.

Даведка “Позірку”:

артыкул 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў;

арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;

ч. 2 арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 424 — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Падзяліцца: